Общество

Ціханоўская: «Калі ў грамадства застаюцца пытанні, адказ на іх можа даць толькі незалежнае расследаванне»

Нацыянальная лідарка выказалася да 15-й гадавіны трагедыі ў Мінскім метро.

— Сёння — дзень памяці і болю, які жыве ў нашых сэрцах ужо 15 гадо, — адзначыла Святлана Ціханоўская ў сваім звароце. — Мы ўспамінаем тых, хто загінуў у Мінску 15 гадоў таму. 15 чалавек. Звычайных людзей, якія проста ехалі дадому, спяшаліся да сваіх блізкіх, жылі звычайным жыццём, будавалі планы. І чые жыцці былі жорстка абарваныя ў адзін момант. Больш за 400 атрымалі параненні.

Ніякія словы не здольныя перадаць той жах, які перажылі сотні сем'яў і ўся Беларусь.

Гэты дзень — асабісты боль для многіх беларусаў. Дзень страты родных, дзень хвалявання за параненых, дзень аб’яднання дзеля дапамогі пацярпелым. Памятаеце, як людзі падвозілі пацярпелых, аказвалі медычную дапамогу, шукалі родных па шпіталях? Нават у самыя цяжкія моманты беларусы не засталіся ўбаку — трымаліся разам і дапамагалі адно аднаму. 

Гэта памяць, якая застаецца з намі. Але памяць — гэта і адказнасць. Адказнасць перад тымі, каго ўжо няма, і перад тымі, хто жыве сёння. І таму праўда пра гэтую трагедыю таксама мае значэнне.

Калі ў грамадстве праз гады застаюцца пытанні, адказ на іх можа даць толькі поўнае, незалежнае і празрыстае расследаванне, якому людзі могуць давяраць. Бяспека людзей — гэта аснова, на якіх трымаецца любое грамадства».