Новае ў адносінах з Украінай і не толькі. Як Лукашэнка рэагуе на праблемы Пуціна

Паколькі пуцінскі рэжым уступіў ў паласу выпрабаваньняў, то кіраўніцтва Беларусі спрабуе неяк адаптавацца да гэтай новай сытуацыі. У замежнай палітыцы Беларусі назіраюцца новыя акцэнты. Лукашэнка імкнецца ўступіць у вялікую геапалітычную гульню, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

У Расеі нарастаюць праблемы

Галоўны саюзьнік Аляксандра Лукашэнкі перажывае ня лепшыя часы. Пуцінскі рэжым у Расеі ўступіў ў паласу нялёгкіх выпрабаваньняў. Вялікі дэфіцыт бюджэту стварае рэальныя эканамічныя праблемы.

Украінскія дроны рэгулярна выводзяць са строю нафта-перапрацоўчыя заводы. Карціны палаючага чорнага Туапсэ абляцелі ўвесь сьвет. Калясальныя страты ў жывой сіле на фронце ставяць пытаньне пра неабходнасьць новай мабілізацыі дзеля працягу вайны. Незадаволенасьць расейцаў блякіроўкай інтэрнэту выходзіць у сацыяльныя сеткі. Падаюць давер да ўлады і рэйтынг Уладзіміра Пуціна. Нават праўладныя блогеры пачынаюць націскаць на трывожныя кнопкі.

Пэўным адлюстраваньнем гэтай уразьлівасьці Расеі стаў той факт, што парад на 9 траўня пройдзе ў скарочаным фармаце. У гэтым рашэньні ёсьць свая лёгіка, бо чарговы ўкраінскі бесьпілётнік даляцеў да цэнтру Масквы.

Слабеюць замежнапалітычныя пазыцыі Расеі, яна траціць саюзьнікаў ва ўсіх рэгіёнах: на Блізкім Усходзе (Сырыя, Іран), Лацінскай Амэрыцы (Вэнэсуэла), Эўропе (Вугоршчына). У Афрыцы цярпіць паразу прарасейскі рэжым у Малі.

Нават на постсавецкай прасторы дыстанцыюецца ад Масквы Азэрбайджан, Армэнія, куды цяпер прыехалі кіраўнікі краін ЭЗ, рухаецца ў бок Эўропы.

Трывожныя ноткі

За апошнія тры дзясяткі гадоў беларуска-расейскія адносіны ведалі ўсялякія часы. І досьвед крызісу ў Расеі па-рознаму ўплываў на Беларусь. Напрыклад, у крызісныя 1990-я гады, у часы прэзыдэнцтва Барыса Ельцына, ці падчас нядаўняга мяцежу вагнэраўцаў на чале зь Яўгенам Прыгожыным уплыў Лукашэнкі на палітычнае жыцьцё Расеі павялічваўся.

Не выпадае сумнявацца, што кіраўніцтва Беларусі глядзіць зь непакоем на апошнія нэгатыўныя навіны з Расеі. І калі разьвіцьцё падзеяў там пройдзе паводле нэгатыўнага сцэнара, то варта ж да гэтага неяк рыхтавацца і адаптавацца.

Але як гэта зрабіць у сытуацыі, калі залежнасьць Беларусі ад РФ з 2020 году рэзка павялічылася.

У выступах Лукашэнкі на апошніх нарадах у эканамічных пытаньнях чуюцца трывожныя ноткі. Ён кажа пра нялёгкія часы, якія чакаюць беларускую эканоміку.

Але нічога новага, акрамя заклікаў да мацаваньня дысцыпліны і неабходнасьць мабілізацыі кіроўных кадраў, ён прапанаваць ня можа. Хіба заўважнымі сталі ягоныя патрабаваньні эканоміць на ўсім.

Новыя акцэнты ў адносінах з Захадам

А вось у замежнай палітыцы назіраюцца новыя акцэнты. Лукашэнка імкнецца ўступіць у вялікую геапалітычную гульню. І тут галоўным рычагом, які, паводле плянаў Лукашэнкі, павінен перавярнуць вонкавую сытуацыю ў лепшы бок, становяцца дачыненьні з ЗША.

Рыхтуецца нейкая «вялікая ўгода». Дасюль альгарытм візытаў спэцпрадстаўніка амэрыканскага прэзыдэнта Джона Коўла ў Менск быў раз на тры месяцы. Цяпер, здаецца, інтэрвалы паміж ягонымі прыездамі скарачаюцца.

Коўл быў у Беларусі ў сакавіку, цяпер анансаваў візыт у траўні. Можна чакаць новых дамоўленасьцяў, а таксама вызваленьня чарговай партыі палітвязьняў. Таксама, магчыма, будзе абмяркоўвацца візыт Лукашэнкі ў ЗША.

Яму трэба сьпяшацца, бо цікавасьць Дональда Трампа да Эўропы, пытаньня замірэньня Расеі і Ўкраіны памяншаецца. І тэма Беларусі можа сысьці з увагі вашынгтонскай адміністрацыі.

Гледзячы па ўсім, пачынаецца пэўная разрадка ў дачыненьнях Беларусі з Польшчай. Вызвалілі Анджэя Пачобута, адбываецца перанос мігранцкіх атак зь беларуска-польскай мяжы на Літву і Латвію.

Гульня з Украінай у праекцыі на Расею

Нешта новае адбываецца ў адносінах Беларусі і Ўкраіны. Афіцыйны Кіеў актывізаваў жорсткую рыторыку адносна дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі. Украіна абвінавачвае Беларусь у падтрымцы расейскіх дронавых атак па ўкраінскай тэрыторыі.

Уладзімір Зяленскі ўвёў новыя санкцыі супраць лукашэнкаўскага рэжыму. Пачаліся больш актыўныя кантакты кіеўскіх уладаў зь беларускай апазыцыяй.

У былыя часы Менск рабіў жорсткія крокі ў адказ. А вось цяпер беларускія ўлада на ўкраінскім кірунку паводзіць сябе даволі сьціпла.

Амаль маўчыць, не адказвае на кіеўскія закіды сам Лукашэнка (толькі невялікі сюжэт пра Ўкраіну быў у ягоным нядаўнім інтэрвію каналу RT). Няма заяваў пра «нацысцкі рэжым».

Падаецца, прычына ў тым, што Менск ня хоча псаваць яшчэ больш адносіны з Кіевам. Бо адчувае рост вагі Ўкраіны ў рэгіёне. Ды і расейска-украінская вайна ідзе зусім не паводле маскоўскага сцэнару. Таму варта паводзіць сябе больш асьцярожна, пачакаць, чым скончыцца гэты ваенны канфлікт.

Наўрад ці, усё гэта падабаецца Расеі. Можна прыпусьціць, што ў выпадку аслабленьня пуцінскага рэжыму будзе нарастаць імкненьне афіцыйнага Менску гуляць у больш самастойную гульню на міжнароднай арэне. У сваю чаргу, гэта павялічыць канфліктагеннасьць беларуска-расейскіх дачыненьняў.

Цяпер мы назіраем толькі першыя, ледзь заўважныя прыкметы гэтага працэсу. Ён носіць зусім не лінейны характар. Тут магчымы розныя нечаканыя развароты.