Пашкевіч: «Цытата пастара Грэма проста забівае глыбокім цынізмам»
Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч — пра візіт у Мінск вядомага амерыканскага пастара Франкліна Грэма.
– Інтэрв’ю Фрэнкліна Грэма лукашэнкаўскім прапагандыстам, па-мойму, лішні раз дало сведчанне таму, што любая царква можа грунтавацца сапраўды на каштоўнасцях толькі да таго часу, пакуль яна не ў фаворы, «у катакомбах», – піша Пашкевіч, – калі яе хай не абавязкова пераследуюць, але і прыналежнасць да яе не дае бонусаў.
Тады да яе далучаюцца сапраўды тыя, для каго маюць значэнне каштоўнасці, якім важная чысціня і жывасць веры і якія за ўсё гэтыя гатовыя нават цярпець.
Калі ж царква, як той казаў, набірае жырку, прыцягвае грошы і ўплывы, змыкаецца з уладай, а яшчэ, самае страшнае, абвяшчаецца дзяржаўнай і ставіцца ў аснову ўсяго — то яна пачынае дэградаваць і яе вярхушка ператвараецца ў нейкае падабенства чыноўнікаў па ідэалагічнай лініі.
Для якіх сапраўднае значэнне мае ўжо не вера як такая, а тыя даброты, якія яна прыносіць.
У Беларусі евангельскія хрысціяне ніколі нікім не фаварызаваліся. Хоць пасля краху камунізму зусім-зусім татальнага і сістэмнага іх пераследу не было, але ўлады заўсёды ставіліся да іх падазрона і прахалодна — цярпелі, але не любілі і нярэдка нават ставілі палкі ў колы.
Таму і ў тых асяродках, відаць, рознае бывае (людзі ёсць людзі), але ў асноўным туды ўсё ж ішлі і ідуць не дзеля птушачкі. Таму гэта канфесія найбольш адпавядае ў нас таму, што ўкладаецца ў паняцце «жывая вера» — калі агульная колькасць вернікаў фармальна нібыта меншая за «традыцыйныя канфесіі», але спісачная колькасць збольшага адпавядае рэальнай.
Ну і паводле нейкіх хрысціянскіх прынцыпаў, насуперак навакольнаму свету, большасць з прыхаджан усё ж такі стараюцца жыць. Не цяплічныя ўмовы прымушаюць быць у тонусе.
Фрэнклін жа Грэм прыехаў у Мінск з калыскі і цытадэлі гэтага кірунку хрысціянства, у якой агульныя ўмовы і сітуацыя значна адрозніваюцца. Мяркуючы па тых цытатах з яго, якія з’явіліся ў прэсе, там ужо евангельскае хрысціянства не толькі пра веру, але і пра грошы ды ўладу. З усім, што з гэтага вынікае.
Таму і выказваецца вядомы пастар так, як мы прывыклі чуць ад функцыянераў РПЦ, але не ад евангельскіх прапаведнікаў. Вось пра Лукашэнку, напрыклад (цытую па БелТА):
«Он мне очень понравился. Он сильно напоминает мне нашего Президента, Президента Трампа. Я нахожу его прямым человеком. Я считаю, что он честен в своих суждениях и не боится быть откровенным. Он мне очень понравился. Я верю, что он может стать другом Президенту Трампу».
Цытата проста забівае глыбокім цынізмам. Бо Грэм ну ніяк не мог не ведаць, што Лукашэнка — бязлітасны і бяздушны тыран, які мала таго што сфальсіфікаваў выбары, але пасля таго гвалтам задушыў мірнае народнае паўстанне, зладзіў у сваёй краіне наймацнейшыя паводле размаху рэпрэсіі ў Еўропе пасля смерці Сталіна, якія да таго ж не спыняюцца ні на дзень ужо амаль 6 гадоў.
Што лукашэнкаўскія турмы — сапраўдныя катоўні, з якіх выходзяць шкілетамі, а пасля таго вязняў вязуць да мяжы з мяхамі на галовах і выкідаюць з краіны без дакументаў.
І гэтак далей, і да таго падобнае, усіх грахоў Лукашэнкі і ягонага рэжыму, як той казаў, на валовай скуры не спісаць. Сябар Грэма Джон Коўл, які Грэма і выцягнуў у Беларусь, ведае пра тое не толькі з прэсы.
Але Грэм, тым не менш, публічна нахвальвае не толькі самога Лукашэнку, але і ягоную сістэму кіравання, якая нібыта прывяла да росквіту краіны. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі цяпер такая сітуацыя, што, як пісаў паэт, «прыціх наш край: ад гутарак аскома... Прыціх наш край: маўчаць, усе маўчаць. Свабодай карыстаюцца сачкомы, каб тых, хто мысліць, у вастрог саджаць».
То-бок па тыпу глыбока веруючаму чалавеку, нібыта сапраўнаму хрысціяніну, у ХХІ стагоддзі імпануе малапрыхаваная тыранія, рэжым, у аснове якога ляжыць сістэмны здзек з тысяч нічым не вінаватых людзей, сярод якіх нямала і актыўных вернікаў? Калі так, то тады ой, нафіг тады такое хрысціянства.
Калі ж Грэм нагаварыў усяго гэтага няшчыра, то тады таксама ўзнікае пытанне — што за гуру евангельскага хрысціянства такі, які сеў перад камерай і свядома нагнаў на яе суцэльнай хлусні?
Дагаварыўшыся нават да таго, што паставіў Лукашэнку ў заслугу адбудову Мінска пасля Другой сусветнай вайны? Хіба хлусіць — гэта згодна з Евангеллем? Здаецца ж, менавіта ў Евангеллі бацькам хлусні называецца Сатана?
Карацей, не ведаю як для каго, а для мяне Фрэнклін Грэм такімі сваімі паводзінамі і выказваннямі паклаў моцную пляму на евангельскае хрысціянства, прынамсі амерыканскага разліву. І не асабліва важна, што ён там прапаведаваў на «Чыжоўка-Арэне», акрамя малітваў за Лукашэнку і Пуціна.
Цалкам веру, што і добра прапаведаваў, і правільна ўсё казаў. Але большасць папоў ад РПЦ з падвешанымі языкамі таксама гладка ўмеюць на публіцы вяшчаць пра Бога, духоўнасць і традыцыйныя каштоўнасці — вось толькі самі ў адпаведнасці з усімі гэтымі прынцыпамі не жывуць і публічна падтрымліваюць рознае людаедства.
Так і Грэм выглядае больш цынічным дзялком, чым духоўнікам. І не дзіўна, што яны ў адной запрэжцы з Трампам, адзін аднаго вартыя.
Читайте еще
Избранное