Пашкевіч: «Ніхто ў свеце не ведае, калі і пры якіх умовах для нас адкрыюцца нейкія магчымасці для змен»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч — пра тое, чаму ідэя «фінляндызацыі» ў якасці «стратэгіі для Беларусі» — звычайны папулізм.

Аляксандр Пашкевіч

Апошнім часам пэўныя дзеячы сталі прасоўваць на ўсіх даступных ім платформах ідэю «фінляндызацыі» ў якасці «стратэгіі для Беларусі», — піша Аляксандр Пашкевіч.

— Маўляў, фіны пасля Другой сусветнай вайны яе прынялі — і нічога, было спачатку крыўдна і прыніжальна, але ўрэшце злое вынесла на добрае. Ну то давайце і мы за іх прыкладам прымем на ўзбраенне тую ж стратэгію і пойдзем накатаным шляхам.

Я асабіста да гэтага стаўлюся як да звычайнага папулізму. Хоць бы таму, што ў фінаў 80 гадоў таму не было такой усвядомленай праграмнай стратэгіі.

Проста карты агульнай палітычнай сітуацыі тады леглі так, што ў іх не заставалася іншага добрага выбару — альтэрнатывай фактычна была толькі савецкая акупацыя пасля новай крывавай вайны. І яны з двух ліхаў лагічна выбралі найменшае.

Але пры гэтым, канешне, не ведалі загадзя, што менавіта такая сітуацыя складзецца і што такі выбар трэба будзе рабіць. Дзейнічалі сітуатыўна.

Тое самае і ў нас ёсць цяпер, і будзе далей. Ніхто ў свеце не ведае, калі і пры якіх умовах для нас адкрыюцца нейкія магчымасці для змен, і якія ўвогуле будуць перспектывы для геапалітычных выбараў.

На гэты момант ні магчымасцяў, ні перспектыў яўна няма ніякіх, а калі яны з'явяцца — то дзейнічаць трэба будзе, зыходзячы з сітуацыі на зямлі, а не з тэарэтычных распрацовак, якія сітуацыя на зямлі з лёгкасцю адпраўляе ў сметніцу.

І дай бог, каб хоць якія варыянты ў нас увогуле з'явіліся ў агляднай перспектыве. Бо спакойна могуць і не з'явіцца.

Польшчы з Венгрыяй пасля вайны Сталін ніякай фінляндызацыі і не прапаноўваў, бо з чаго раптам, калі іх тэрыторыі (у адрозненне ад фінскай) былі пад кантролем «непераможнай» Чырвонай арміі?

Затое ў іх быў куртаты суверэнітэт іншага тыпу, падобны да сённяшняга беларускага — калі мусіш ісці ў фарватары і ў знешняй, і ва ўнутранай палітыцы, але ўсё ж суб'ект міжнароднага права.

А краінам Балтыі не далі і гэтага. І ўсю гэту розніцу ўрэшце вызначылі зусім іншыя фактары, чым наяўнасць у эміграцыйных структур нейкіх стратэгій. Хоць ва ўсіх яны былі, канешне. Але ў Ялту ці Патсдам гэтыя структуры не запрашалі і думкі іх не пыталіся. Так заўсёды бывае, калі ідуць геапалітычныя гульні.

А тут во дзеячы, якія носяцца з «фінляндызацыяй», думаюць, падобна, што іх запросяць і спытаюцца. Пры гэтым даволі празрыста пазіцыянуюць сябе як прыхільнікаў лініі аднаго вядомага дзеяча, для якога аснова палітычнага стылю — не кансультавацца пры распрацоўцы лёсавызначальных для рэгіёнаў дакументаў нават з самымі буйнымі і моцнымі гульцамі ў гэтым рэгіёне.

Упэўнены, што акурат гэты дзеяч першым кіне стратэгію «фінляндызацыі» ў сметніцу, нават не чытаючы, а проста запытаўшыся, вобразна кажучы, колькі ў яе стваральнікаў дывізій. Гэтаму трэба прапаноўваць для здзелак не паветра.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)