Пашкевіч: «Варта падтрымліваць усё, што выглядае як нерасійскае, хай сабе яно (пакуль) і рускамоўнае»

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч разважае пра небяспеку сённяшняга становішча Беларусі, пра новыя выклікі з боку Расіі, спосабы супрацьстаяння русіфікацыі і пра тое, чаму беларусы — не расейцы.  

Аляксандр Пашкевіч

— Няма сумневу ў тым, што для Беларусі і яе будучыні цяперашняе становішча вельмі небяспечнае. Перадусім таму, што праз палітычныя абставіны апошніх гадоў змяняецца колішняе становішча Беларусі як своеасаблівага маста паміж Расіяй і Еўропай не так на ўзроўні ўлады, як простых людзей.

Калі рэжым Лукашэнкі быў палітычна заўсёды цесна завязаны менавіта на Маскву, і ўсходні вектар быў для яго безальтэрнатыўны, то, што тычыцца насельніцтва, існаваў прынамсі парытэт: Еўропа была блізкая, практычна кожнаму даступная і адпаведна вядомая, што спрыяла фармаванню і ўтрыманню празаходніх настрояў.

Да таго ж існавала дастаткова разгалінаваная грамадзянская супольнасць, сетка папулярных незалежных СМІ ўнутры краіны, якія таксама не былі прарасійскімі.

Ілюстрацыйнае фота

Уздзеянне ўсёй сукупнасці гэтых фактараў паступова ператварала беларусаў з савецкіх людзей у еўрапейскую нацыю, хай і са сваімі асаблівасцямі. Якая выйшла з падполля на шырокую арэну ў 2020 годзе, здзівіўшы не толькі свет, але, мо, і найперш саміх беларусаў.

Цяпер, на жаль, кантакты беларусаў з Еўропай хай не зусім наглуха закрытыя, але вельмі абмежаваныя. Грамадзянская супольнасць унутры краіны практычна знішчаная, большасць СМІ ці перамясціліся за мяжу, ці вымушана выхаласцілі свой змест.

Паралельна ўзмацніўся расійскі ціск, скіраваны на тое, каб максімальна зблізіць гістарычныя і прапагандысцкія наратывы ў дзвюх краінах. І гэта, вядома, стварае новыя сур’ёзныя выклікі ды небяспекі, гэта немагчыма адмаўляць.

Нельга, аднак, сказаць, што самі ўлады з вялікім энтузіязмам ацэньваюць апошні факт, з іх боку ўсё ж бачнае жаданне не расплывацца цалкам у расійскім моры і захаваць, наколькі магчыма, ідэалагічную самастойнасць, бо гэта ў тым ліку і пытанне захавання неабмежаванай улады.

Мы бачым шмат прыкладаў, калі з Расіі як бы і ёсць інтэнцыі нешта сваё прасунуць, уніфікаваць, а наша знішчыць, і ўлады публічна як бы згодна ківаюць — але на практыцы гэта ці сабатуецца, ці скажаецца, ці фармалізуецца. І гэта тое, што стратэгічна таксама грае на нашу карысць.

Беларусам не характэрнае месіянства

— Мы ведаем і бачым, што беларусы, нягледзячы на шырока прасунутую русіфікацыю, усё ж такі значна адрозніваюцца ад расейцаў сваім светаўспрыманнем. Большасць з нас глядзіць на свет з пункту гледжання невялікага народа.

Беларусам у цэлым не характэрнае вельмі распаўсюджанае сярод расейцаў месіянства, усведамленне нейкай сваёй выключнай ролі ў свеце. Тое, што мы часта называем імперскай свядомасцю.

Такая адметнасць нарадзілася не сёння, яна фармавалася пакаленнямі, бо мы цягам стагоддзяў мелі адрозную ад расейцаў гісторыю, маем асобную мову і своеасаблівыя традыцыі ў розных сферах.

А асабліва ўмацаванню гэтай адметнасці, нягледзячы на складаны стан з мовай і ў цэлым, на жаль, слабаватае веданне сваёй гісторыі, вельмі паспрыяла тое, што мы ўжо 35 гадоў жывём у хай сабе і цесна звязанай з Расіяй, але ўсё ж асобнай дзяржаве.

Людзі, якім сёння менш за 40 гадоў, фактычна асабіста ўжо не памятаюць сітуацыі, калі Беларусі не было на карце свету.

У нас на памяці хутка ўжо двух пакаленняў іншая (якая б яна ні была) улада, іншыя законы, іншыя грошы, іншая эканоміка, іншыя школьныя праграмы, іншыя праблемы, у рэшце рэшт.

І нават нягледзячы на тое, што немалая частка насельніцтва жыве ў расійскім тэлевізары, а моду ў маскультуры па-ранейшаму дыктуе Масква, усё ж такі гэта ўсё ўспрымаецца хоць у цэлым і блізкае, але не зусім сваё. Бо за акном рэальнасць іншая. І гэта надзвычай важна.

Ілюстрацыйнае фота

Прытым адчуванне адметнасці толькі ўзмацняецца пры асабістым сутыкненні з рэаліямі суседняй краіны і камунікацыяй з яе прадстаўнікамі. І сёння нярэдка можна ў сацсетках сустрэць абураныя допісы пра тое, як турысты-расіяне паводзяць сябе ў Беларусі «не па-нашаму» — прытым гаворка менавіта пра культурныя, ментальныя адрозненні.

Тут ужо вымалёўваецца вельмі выразнае «мы — яны», прытым часта з боку людзей, якіх цяжка залічыць да эталонных нацыяналістаў. І гэта толькі на эмацыйным узроўні, для людзей жа, здольных рэфлексаваць на гэтыя тэмы, адрозненняў знойдзецца яшчэ больш, і яны яшчэ больш глыбінныя.

Варта таксама разумець, што падобнае адчуванне адметнасці, створанае самім жыццём, вельмі цяжка вытраўляецца са свядомасці.

Ёсць такі алармісцкі міф, што вось беларусам, якія не гавораць па-беларуску, дастаткова ўключыць на поўную катушку прапаганду — і яны за якія 5-10 гадоў зробяцца звычайнымі рускімі, а Беларусі не застанецца і знаку.

Але так проста гэта не адбываецца — інтэнсіўная прапаганда, вядома, моцна нашкодзіць, дэфармуе натуральныя працэсы развіцця, створыць дадатковыя цяжкасці на будучыню, але кропку на перспектывах не паставіць дакладна. Наадварот, яна часта можа мець і адваротны эфект, калі змест моцна разыходзіцца з рэчаіснасцю.

Не хавацца ва ўласнай вежы са слановай косці

— Людзям, якія сёння застаюцца ў Беларусі, супрацьстаяць негатыўным тэндэнцыям можна толькі так, як гэта заўсёды на працягу ўсёй гісторыі адбываецца ў падобных умовах — праз сямейнае выхаванне, праз уласныя кантакты ставіць пад сумнеў прапагандысцкія наратывы і даводзіць адваротнае.

Прытым не абавязкова ў лоб, а лепш спакваля, у ходзе звычайнай камунікацыі. Так не толькі больш бяспечна, але і больш надзейна ды трывала.

У тых жа беларусаў, якія выціснутыя за мяжу, у адрозненне ад ранейшых часоў ёсць такі цудоўны інструмент як інтэрнэт. Людзі ўнутры краіны масава ім карыстаюцца, процьма іх таксама навучаная абыходзіць блакіроўкі. Адпаведна магчымасці змагацца за розумы ёсць, але важна ўмець гэтымі інструментамі правільна карыстацца.

Галоўнае ў любых умовах — не хавацца ва ўласнай вежы са слановай косці, адэкватна разумець выклікі і базавую сітуацыю, прыстасоўвацца да аўдыторыі. Поспеху спрыяе ўменне працаваць на платформах, на якіх збіраецца масавая аўдыторыя — у нашым дынамічным свеце яны часта мяняюцца, — і здольнасць яе адчуваць, быць сваім.

Ну і трэба разумець, што ў такім русіфікаваным грамадстве, як наша, эталонны нацыяналізм з беларускай мовай і традыцыйнай культурай у цэнтры ўсяго працуе не заўсёды. Таму неабходная гнуткасць — варта ўхваляць і падтрымліваць усё, што выглядае і прэзентуе сябе як нерасійскае, хай сабе яно (пакуль) і рускамоўнае.