І зусім супердасягненне — што гэта адносна высокая кансалідацыя захоўваецца ўжо такі вялікі тэрмін, як пяць гадоў.
«Сённяшні ўзровень беларускага адзінства дастаткова высокі — тыя ж расіяне яму толькі зайздросцяць»
Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч – пра канферэнцыю «Новая Беларусь», што днямі адбылася ў Варшаве.
– Паміж канцэртам Макса Каржа і канферэнцыяй «Новая Беларусь» я асабіста адназначна выбіраю апошнюю, – піша Пашкевіч. – Па вельмі простай прычыне — у музыцы ўвогуле і творчасці Каржа ў прыватнасці я не разбіраюся зусім, а ў палітыцы прынамсі трошкі. Таму пра яе і напішу.
Некалькі дзён таму я напісаў посцік пра праблему адзінства, пасля чаго Зміцер Лукашук запрасіў мяне пагаварыць пра гэта на «Еўрарадыё». І падчас размовы задаў мне прыблізна такое пытанне: калі аб’яднанне ўсіх з усімі, на маю думку (я сапраўды такую думку праводзіў і ў фэйсбучным пасце, і падчас эфіру), магчымае толькі пад нейкую канкрэтную кампанію, на кароткі час і ва ўмовах адчыненага акна магчымасцяў, то тады, значыць, не варта нават патэнцыйна чакаць аб’яднання на гэтай канферэнцыі?
Я пацвердзіў, што так, гэта выключана: пазітыўным вынік гэтага мерапрыемства можна будзе лічыць не тады, калі на ім аб’яднаюцца, а тады, калі на ім не вельмі перасварацца.
І вось гэтага выніку, як выглядае, удалося бліскуча дасягнуць — мерапрыемства прайшло даволі спакойна, спрэчкі на ім былі, але не прынцыповыя і не новыя, скандалы таксама былі, але зусім лайтовыя.
Без агеньчыка, так бы мовіць. Паўнамоцтваў Офіса Святланы Ціханоўскай і кабінета пры ёй, як я разумею, ніхто па-сур’ёзнаму гэтым разам пад сумнеў не ставіў, і таму максімальна магчымы на сённяшні дзень узровень аб’яднання беларускіх дэмакратычных сілаў на эміграцыі пакуль што захоўваецца. І гэта добра.
Бо насамрэч сённяшні ўзровень беларускага адзінства, вядома, далёкі ад абсалютнасці, але ён усё ж дастаткова высокі — тыя ж расіяне яму толькі зайздросцяць.
Вонкава, вядома, шмат і крытыкі — у фэйсбук, напрыклад, як зойдзеш, то ў маёй стужцы пасты адзін за другім ідуць з праклёнамі на адрас офісаў-кабінетаў. Але гэта не павінна ўводзіць у зман.
Для ацэнкі ўзроўню палітычнай згуртаванасці нейкай супольнасці мае значэнне не тое, ці ёсць якая крытыка (нейкая будзе заўсёды, нават у самых спрыяльных сітуацыях), а тое, як выглядае сітуацыя з супрацьстаяннем ці, наадварот, супрацоўніцтвам тых суб’ектаў, якія валодаюць нейкімі важнымі рэсурсамі — фінансавымі, кадравымі, інфармацыйнымі, арганізацыйнымі, карыснымі сувязямі і кантактамі і г. д.
Калі моцна канфліктуюць паміж сабой і адмаўляюцца ад любога супрацоўніцтва суб’екты з рэсурсамі — гэта раскол і гэта кепска.
А калі ў крытыкаў з рэсурсаў, умоўна кажучы, толькі ўласныя гаворачая галава або пішучая рука ці іншыя падобныя актывы — то ўсё не так і страшна.
Хоць пэўную інфармацыйную хвалю нагнаць па сілах і ўмоўным «катам, якія гуляюць самі па сабе». Асабліва калі яны не ў адным экзэмпляры.
Дык вось адбытая гэтымі днямі канферэнцыя засведчыла, што людзі і арганізацыі з колькі-небудзь сур’ёзнымі рэсурсамі звяргаць Ціханоўскую намеру пакуль не маюць і пад пытанне яе паўнамоцтвы не ставяць.
Кіруючыся пры гэтым, несумненна, перадусім прагматычнымі меркаваннямі — статус Ціханоўскай надта ўнікальны і колькі-небудзь разназначнай замене не падлягае, хіба толькі дэмантажу.
Дэмантаваць жа самім дзеля ўласнай прыхамаці прадстаўніцтва, якое прызнаецца і прымаецца на самым высокім узроўні ў заходніх краінах — акт самагубчы, які нанясе вялікі ўдар не толькі па Ціханоўскай з яе камандай, а па ўсёй беларускай справе.
І людзі, якія гэтай справай займаюцца не толькі на пафасных словах, гэта цудоўна разумеюць.
Дзеля таго сярод людзей з рэсурсамі гадамі і захоўваецца такі-сякі кансэнсус, сапраўды сур’ёзных расколаў ужо пяць гадоў удаецца пазбягаць, а штогадовыя канферэнцыі «Новая Беларусь» раз за разам фактычна пацвярджаюць статус Офіса Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінета як легітымных прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху.
Але гэта не падстава для таго, каб хоць каму-небудзь супакойвацца і расслабляцца. Усё гэта, думаю, можа вельмі моцна змяніцца пасля таго, як канчаткова вызначыцца і стабілізуецца міжнародная сітуацыя.
Маю на ўвазе перадусім, вядома, сітуацыю, калі будуць заключаныя нейкія пагадненні паміж Расіяй і Украінай пры пасярэдніцтве «лапідарнага генія», якія на пэўны час спыняць баявыя дзеянні.
Калі ў сітуацыі часовай стабілізацыі беларускае пытанне канчаткова сыдзе з парадку дня і Святлана Ціханоўская адпаведна перастане быць прыманая ў высокіх еўрапейскіх кабінетах — тады ўжо мы, думаю, пабачым сапраўдную грызню і сапраўдны раскол, стымулы стрымліваць уласныя амбіцыі канчаткова знікнуць.
І гэтага, цалкам верагодна, ужо нядоўга чакаць, мяркуючы па міжнародных навінах. Тады ўжо намаганні апанентаў Офіса маюць усе шанцы стаць не толькі біццём у бубны. Хоць не думаю, што гэта пойдзе на карысць справе.
Читайте еще
Избранное