Цяпер адбылася такая прагматызацыя знешняй палітыкі ЗША. Мабыць, для нас, для беларускай дэмакратычнай супольнасці, гэта няблага. А Лукашэнка часам не ўпэўнены на 100%, ці гэта карысна для яго.
Хто выйграе ад абмену амерыканскіх санкцый на беларускіх палітзняволеных
Гісторык і палітолаг Роза Турарбекава — пра здзелку ЗША і беларускага рэжыму.
Чарговы раўнд перамоў у Мінску завяршыўся вызваленнем 250 палітвязняў, а з другога боку — зняццём санкцый з некалькіх банкаў і выключэннем Беларускай калійнай кампаніі і «Беларуськалія» з усіх санкцыйных спісаў. Для каго гэтая здзелка больш удалая?
На думку гісторыка і палітолага Розы Турарбекавай, казаць пра тое, што правы чалавека сталі прадметам гандлю, не выпадае. Але рэч у тым, што ва ўсіх зацікаўленых бакоў розныя задачы і бачанне працэсу.
— З нашага гледзішча, вызваленне ўсіх палітвязняў — гэта ўсё-ткі мэта, і ў гэтым кошыку таксама правы чалавека, — зазначыла Роза Турарбекава ў эфіры Еўрарадыё. — Што гэта азначае для амерыканскай адміністрацыі, іншае пытанне. А Лукашэнка ўвогуле інструменталізуе вызваленні людзей, каб атрымаць за іх адмену санкцый.
І ракурс бачання паспяховасці гэтых перамоў залежыць ад таго, інтарэсы якога суб’екта мы абмяркоўваем. Адміністрацыя ЗША — адно, Лукашэнка — другое, беларуская грамадзянская супольнасць — трэцяе.
На думку Турарбекавай, у ранейшых цыклах стасункаў заходніх краін з Лукашэнкам адбывалася тое ж самае, бо гэтая формула працуе з дзеючым рэжымам — але цяпер іншыя маштабы падзей.
— Да 2024 года наогул нічога не працавала, прынамсі не было ніякіх навін на гэты конт, — нагадвае Роза Турарбекава. — Для таго, каб быў зроблены крок насустрач, спатрэбіўся час і змена адміністрацыі ў Злучаных Штатах, агулам змена кантэксту сусветнай палітыкі. Бо ў 2022-2023 годзе абставіны былі такімі, што гэта ўяўлялася зусім немагчымым.
З майго пункту гледжання, тая дынаміка, якую мы сёння назіраем — яна не вельмі дрэнная. Спаборнікам і прыхільнікам больш жорсткай лініі хачу сказаць, як некалі казала сваім студэнтам, калі чытала курс канфлікталогіі. Добрае пагадненне (альбо, калі карыстацца навамоднымі тэрмінамі, «добрая здзелка») толькі тады добрае, калі ўсе бакі незадаволеныя.
Цяпер я назіраю, што і Лукашэка, і таксама беларускія дэмакратычныя сілы не зусім задаволеныя тым, як ідзе дыялог з ЗША. І лічу, гэта якраз прыкмета таго, што здзелка насамрэч нядрэнная.
Вось хто задаволены, дык гэта Злучаныя Штаты: у іх імідж паляпшаецца, і гэтак далей.
Нам, канешне, хацелася б стоадсоткавай перамогі. Але зараз гэта немагчыма.
Читайте еще
Избранное