Цыганкоў: «Асабістыя інтарэсы, улада для Лукашэнкі стаяць вышэй за суверэнітэт краіны»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў — пра галоўную пагрозу незалежнасці Беларусі.

Віталь Цыганкоў, фота: Еўрарадыё

— 30 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка пачаў сваю інтэграцыйную гульню з Расеяй, — піша Віталь Цыганкоў. — 2 красавіка 1996 года ў Маскве была падпісаная дамова аб Супольнасці Беларусі і Расеі.

У гэтага працэсу былі прылівы і адлівы, але ў цэлым пагроза беларускай незалежнасці з таго часу застаецца цалкам канкрэтнай і рэальнай.

Дастаткова сказаць, што Дамова аб «саюзнай дзяржаве», падпісаная ў 1999-м годзе, прадугледжвае адзіную валюту, агульны парламент, агульную Канстытуцыю, аб’яднанне энэргетычных і транспартных сістэмаў і гэтак далей.

Аднак за гэтыя 30 гадоў Беларусь так і не страціла сваю юрыдычную незалежнасць. Чаму?

Па-першае, нягледзячы на прарасейскую палітыку рэжыму, сярод саміх беларусаў існуе ўстойлівы кансэнсус наконт каштоўнасці і неабходнасці незалежнасці.

Па-другое, суверэнітэт, няхай і фармальны, патрэбны самому Лукашэнку, бо ён ўспрымае яго як адзіную гарантыю сваёй неабмежаванай улады, як магчымасць рабіць усё, што заўгодна, не зважаючы на нейкія міжнародныя законы і правілы.

У 1995-м годзе Лукашэнка казаў — «Беларусь для меня — пройденный этап», і прагнуў стаць кіраўніком Расеі. Але калі гэта не атрымалася, то пераключыўся на ўмацаванне беларускага суверэнітэту.

У 2019 годзе ён нават даволі ўпарта супраціўляўся падпісанню так званых «дарожных мапаў паглыблення інтэграцыі», пайшоўшы з-за гэтага на востры канфлікт з Крамлём.

Аднак трэба памятаць, што асабістыя інтарэсы, улада для Лукашэнкі стаяць вышэй за суверэнітэт краіны. У крытычных сітуацыях прыярытэты расстаўлены выразна: ён гатовы «прадаваць незалежнасць кавалкамі альбо разам», каб застацца пры ўладзе. Што і паказаў 2020 год, калі ён быў вымушаны прасіць паратунку ў Крамлі супраць паўстання беларускага народу.

Пасля падзеяў 2020 году вайскова-палітычная залежнасць Менску ад Крамля стала максімальнай за ўвесь час беларускай незалежнасці. Трэба, аднак, дакладна разумець, што стратэгічна гэта вынік усёй 30-гадовай дзейнасці рэжыму, які ніколі не імкнуўся да нацыянальных каштоўнасцяў ці развароту на Захад, і забяспечваў сваё існаванне рэпрэсіямі і расейскімі датацыямі.

На працягу дзесяцігоддзяў гэтая ўлада сістэматычна знішчала беларускую мову, культуру і грамадзянскую супольнасць, адначасова ўцягваючы краіну ў прарасейскія саюзы і робячы войска часткай расійскага.

Пасля жніўня 2020 года Лукашэнка страціў магчымасць лавіраваць і стаў васалам Расіі, што робіць яго прамой і непасрэднай пагрозай для незалежнасці.

Ступень гэтай небясьпекі была прадэманстравана ў лютым 2022 года, калі адбылося ўварванне Расеі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі. Падзея, максімальна негатыўная і гібельная для нацыянальных інтарэсаў Беларусі, для яе міжнароднага становішча, эканомікі — але Лукашэнка не змог (не захацеў, не здолеў, ня меў шанцаў) гэтаму запярэчыць.

У выніку варта (чарговы раз) канстатаваць, што менавіта рэжым Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца асноўнай пагрозай для беларускай незалежнасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)