Цыганкоў: «Лукашэнку проста прыемна прыехаць у тую краіну, якой ён хацеў бы бачыць Беларусь»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў — пра сустрэчу ў КНДР.

— Аляксандр Лукашэнка ажыццявіў візіт у КНДР, — піша Віталь Цыганкоў. — Дзе яму, як і можна было здагадацца, усё спадабалася.

«Я вам магу сказаць, як чалавек, які ўжо ўсё ў гэтым свеце бачыў, — вашу краіну чакае вялікая будучыня з гэтым працавітым, дысцыплінаваным народам», — сказаў Лукашэнка паўночна-карэйцам.

Віталь Цыганкоў, фота: Еўрарадыё

«Я ўбачыў, — вы ўмееце рабіць усё. І вы робіце гэта так, як ніхто ў свеце. Гэта не даніна павагі нашым перамовам. Гэта сапраўды вынікае з маіх назіранняў», — запэўніў ён і анансаваў прынцыпова новы этап» адносін.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, беларускі і карэйскі народы збліжаюць агульныя інтарэсы — патрыятызм і павага да гісторыі. Паводле яго слоў, сяброўскія сувязі, якія зарадзіліся яшчэ ў часы Савецкага Саюза, ніколі не перарываліся.

Для чаго Лукашэнка паехаў у КНДР, якія аспекты можна адзначыць у адносінах двух дыктатураў?

Звычайна ў замежных паездках Лукашэнка дабіваецца павелічэння беларускага экспарту. Але КНДР — унікальная краіна ў гэтым сэнсе.

Яна не проста вельмі бедная, яна мае надзвычай нізкую пакупніцкую здольнасць. КНДР патрэбная валюта, але яе няма — і з-за міжнародных санкцыяў, і з-за адсутнасці добрых тавараў на экспарт.

У 2022 годзе яе экспарт склаў усяго 304 мільёны даляраў. Гандлёвыя адносіны паміж Беларуссю і КНДР мінімальныя, паводле афіцыйнай статыстыкі, гандаль за год складае ня больш за мільён даляраў.

Што ж тады можа цікавіць афіцыйны Менск у КНДР — калі не эканоміка? Відавочна, некалькі рэчаў.

Па-першае, палітычнае прызнанне і падтрымка. «Мы выступаем супраць неправамернага ціску на Беларусь з боку Захаду і выказваем падтрымку і разуменне захадам кіраўніцтва Беларусі, накіраваным на сацыяльна-палітычную стабільнасць», — заявіў Кім Чэн Ын. Мала ад каго ў свеце Лукашэнка можа пачуць такія словы — яму прыемна.

Па-другое, візіт у Пхеньян — гэта дэманстрацыі лаяльнасці «сваім», Расеі, Кітаю, КНДР. Маўляў, адзначце, не гледзячы на вымушаныя гульні з амерыканцамі, на самой справе я свой, я на гэтым баку.

Па-трэцяе, ваеннае супрацоўніцтва. Тут мы, безумоўна, усяго ведаць ня можам, бо большасць дамоўленасцяў у гэтай сферы будзе зачыненая ад грамадскасці і прэсы, нават афіцыйнай.

Але дастаткова ўзгадаць, што КНДР аказала даволі істотную дапамогу Крамлю ў ягонай агрэсіі супраць Украіны, пастаўляючы спачатку ваенную тэхніку, а потым і накіраваўшы сваіх жаўнераў на расейска-украінскі фронт.

Ну і самае апошняе, Лукашэнку проста прыемна прыехаць у тую краіну, якой ён хацеў бы бачыць Беларусь. Дзе ўсе слухаюцца правадыра, дзе няма апазіцыі, дзе няма міжнароднага інтэрнэту, дзе ўлада перадаецца ад бацькі да сына. Проста ідэал для любога дыктатара!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)