Война

Цыганкоў: Няхай Лукашэнка потым не пытаецца «а мяне за што?»

Палітычны аглядальнік — пра новыя рызыкі для Беларусі.

— Расія збіраецца паставіць у Беларусі чатыры станцыі кіравання дальнабойнымі дронамі, — піша Віталь Цыганкоў. — Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі са спасылкай на даныя ўкраінскай разведкі.

Таксама падобныя станцыі, са слоў Зяленскага, могуць з’явіцца на часова акупаваных тэрыторыях Украіны.

Раней ён заяўляў, што ўкраінскаму боку ўдалося вывесці з дзеяння некалькі рэтранслятараў у Беларусі, праз якія кіраваліся расейскія дроны, але падрабязнасці гэтых дзеянняў ён тады не раскрыў.

Трэба адразу адзначыць, што 3-4 станцыі, пра якія кажа Зяленскі, гэта выглядае як сістэмная інфраструктура. Гэта дубляванне, гэта пакрыццё розных накірункаў, гэта магчымасць весці некалькі аперацыяў адначасова.

Таму, у выпадку рэальнага ажыццяўлення гэтых планаў, тэрыторыя Беларусі становіцца платформай для кіравання ўдарамі на даволі вялікія адлегласці.

Што гэта практычна азначае ў тым выпадку, калі гэта сапраўды будзе зроблена?

Па-першае, Беларусь яшчэ мацней уцягваецца ў вайсковую інфраструктуру Расеі, нават калі фармальна не ўдзельнічае ў баях. Беларусь становіцца часткай ланцужка кіравання ўдарамі, а не проста «нейтральнай тэрыторыяй побач».

Па-другое, размяшчэнне такіх станцый робіць іх легітымнымі ваеннымі цэлямі для Украіны. Калі Зяленскі ўжо заяўляў пра знішчэнне некаторых рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі, то, відавочна, Украіна зробіць усё магчымае, каб знішчыць і гэтыя новыя аб’екты. Ці будзе гэта зроблена дронамі ці нейкай унутранай дыверсіяй — у любым выпадку гэта прывядзе да эскалацыі ў адносінах з Украінай.

Па-трэцяе, такое размяшчэнне павялічвае і так занадта вялікую ваенна-палітычную залежнасць Беларусі ад Расеі. Бо такія аб’екты, відавочна, кантралююцца расейскімі вайскоўцамі і інтэграваныя ў агульную сістэму кіравання РФ.

Гэтыя ж станцыі могуць кіраваць любымі дронамі — і тымі, якія могуць быць запушчаныя ня толькі ў бок Украіны. Запускаючы такія дроны, напрыклад, на Польшчу, выконваючы загад свайго расейскага вайсковага кіраўніцтва — ці будзе расейскі афіцэр пытаць дазвол на гэта ў беларускага кіраўніцтва? Рытарычнае пытанне.

Для суседніх краінаў НАТО гэта будзе абазначаць пашырэнне расейскай ваеннай інфраструктуры ў Беларусі, што безумоўна можа выклікаць іхні адпаведны сіметрычны ці асіметрычны адказ.

Гэта можа быць узмацненне войскаў на межах, новыя санкцыі, паглыбленне ізаляцыі — у любым выпадку павелічэнне напружанасці ў адносінах.

Так што калі дапусціць, што сітуацыя можа пайсці ў бок сур’ёзнай эскалацыі, і любое дзеянне выкліча той самы асіметрычны ці не асіметрычны адказ — Лукашэнка потым можа не пытацца «а мяне за што?»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)