Политика

Карбалевіч: «Ручное кіраваньне эканомікай аптымальнае для ўтрыманьня ўлады. А гэта для Лукашэнкі важнейшае за эфэктыўнасьць»

Сытуацыя зь Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыяй — гэта наглядная ілюстрацыя неэфэктыўнасьці беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода. Ручное кіраваньне эканомікай зьяўляецца аптымальным для ўтрыманьня ўлады. А гэта для Лукашэнкі важнейшае за эканамічную эфэктыўнасьць.

Валер Карбалевіч

Правал іміджавага праекту

7 красавіка Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду, каб вызначыцца, што рабіць з Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыяй (БНБК). Менавіта так ён і паставіў пытаньне: «Што далей будзем рабіць?» Пытаньне актуальнае. Каб выратаваць правальны праект даводзіцца зьбіраць вялізную нараду.

А як прыгожа ўсё пачыналася. Падчас запуску БНБК у лістападзе 2022 года Лукашэнка не шкадаваў узьнёслых словаў, каб расказаць пра вялізныя пэрспэктывы гэтай навукова-вытворчай карпарацыі. Маўляў, гэтаму «ўнікальнаму», «іміджаваму» праекту аналягаў «няма ні ў Эўропе, ні на постсавецкай прасторы», гэта «нацыянальны гонар», «больш, чым космас».

Прычым, БНБК атрымала вялікія ільготы. Гэта, па словах Лукашэнкі, «і прэфэрэнцыі па выплаце падаткаў, і гарантыі ўраду па крэдытах, і асаблівы парадак адлюстраваньня курсавых розьніц».

Аднак з самага пачатку праект выглядаў трохі дзіўна. Прадпрыемства ўзначаліў экс-прэм’ер Кіргізстану Даніяр Усенаў, якога на радзіме завочна асудзілі на 15 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньняў у злоўжываньнях, таму праект зьвязваюць з клянам былога кіргіскага прэзыдэнта Курманбека Бакіева, які таксама жыве ў Беларусі. Усенаў зьмяніў імя і прозьвішча на Данііл Урыцкі і атрымаў беларускае грамадзянства.

На пярэднім пляне Аляксандар Лукашэнка і Данііл Урыцкі (Даніяр Усенаў), 4 лістапада 2022 году

Кантрольны пакет быў у прыватных асобаў. А кітайскія крэдыты бралі пад гарантыі беларускага ўраду. Ужо праз год пасьля запуску праекту Лукашэнка быў вымушаны правесьці нараду, бо «на прадпрыемстве справы ідуць не зусім так, як плянавалі». Прадпрыемства нацыяналізавалі, аднак гэта не прывяло да лепшага выніку.

І вось цяпер новая нарада. Але ў выніку нічога не прыдумалі, акрамя таго, каб стварыць камісію. Дакладней — «рабочую групу» у складзе прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына, кіраўніка акадэміі навук Уладзіміра Караніка і намесьніка старшыні Ўсебеларускага народнага сходу Аляксандра Косінца.

Не спрацаваў ніводзін з дзяржаўных праектаў

Сытуацыя з БНБК — гэта наглядная ілюстрацыя неэфэктыўнасьці беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Калі вынесьці за дужкі прыродныя рэсурсы — распрацоўку калійных радовішчаў і мадэрнізацыю НПЗ — то можна сказаць, што ніводзін зь дзяржаўных праектаў у галіне эканомікі не спрацаваў.

Можна згадаць няўдалыя вынікі інвэстыцый у цэмэнтныя заводы, прадпрыемствы дрэваапрацоўкі, льнозаводы, Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат.

У 2013 годзе Лукашэнка загарэўся ідэяй мадэрнізацыі прамысловасьці і загадаў на кожным прадпрыемстве распрацаваць плян мадэрнізацыі, каб хуткім часам «перавярнуць краіну». Аднак той грандыёзны праект, як і можна было чакаць, праваліўся, хоць грошай змарнавалі шмат.

А яшчэ была ідэя ажыцьцявіць мадэрнізацыю сярэдніх па памеру гарадоў. Пачалі з Аршанскага раёну, які імкнуліся зрабіць узорна-паказальным. Усё скончылася вялізным скандалам, кадравым землятрусам.

Увогуле, пытаньне пра ўзорна-паказальныя праекты, аналягаў якім няма — асобная тэма. Можна згадаць памятную гісторыю з аграхолдынгам «Купалаўскае» на тэрыторыі Шклоўскага раёна. Ствараючы яго, Лукашэнка заявіў: «На прыкладзе холдынгу „Купалаўскае“ я хачу паказаць, якой павінна быць сельгасвытворчасьць у XXI стагодзьдзі». Але не зраслося.

За два гады чатыры разы мяняўся кіраўнік холдынгу, прычым адзін з іх наклаў на сябе рукі. А 26 сакавіка 2019 году кароткая аглядная экскурсія Лукашэнкі па гэтай выставе дасягненьняў народнай гаспадаркі скончылася скандалам. Аказалася, што замест узорна-паказальнага прадпрыемства XXI стагодзьдзя пабудавалі, паводле ягоных словаў, «Асьвеньцім», у якім гібеюць ледзь жывыя і брудныя (Лукашэнка ўжыў больш моцны выраз) каровы.

Няма агульных правілаў

Тут рэч ня толькі ў дзяржаўнай форме ўласнасьці гэтых правальных прадпрыемстваў. У заходніх краінах таксама ёсьць дзяржаўныя прадпрыемствы, але яны працуюць эфэктыўна, бо існуюць у рынкавым асяродзьдзі, ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі.

У Беларусі сытуацыя іншая — тут няма нармальнага рынкавага асяродзьдзя, прававой сыстэмы, ня дзейнічаюць агульныя для ўсіх правілы вядзеньня бізнэсу. У Парку высокіх тэхналёгій адзін прававы рэжым і ўмовы працы, у «Вялікім камні» — другі, у свабодных эканамічных зонах, якія існуюць у кожнай вобласьці — трэці, у тым жа Аршанскім раёне — чацьвёрты, у БНБК — пяты і гэтак далей. Дзяржаўныя прадпрыемствы, у адрозьненьне ад прыватных кампаній, бяруць банкаўскія крэдыты пад ільготныя працэнты. Больш-менш буйныя інвэстары заключаюць эксклюзіўныя дамовы з урадам ці мясцовымі ўладамі.

То бок тут існуе мадэль ручнога кіраваньня эканомікай у чыстым выглядзе. І яна арганічная для беларускай сацыяльнай мадэлі. Бо стварае мэханізм дзяржаўнага кантролю за эканомікай. Важным элемэнтам такога кантролю зьяўляецца бюджэтныя субсыдыі, як у выпадку з БНБК. Такая мадэль — аптымальная для ўтрыманьня ўлады. А гэта для Лукашэнкі больш важна, чым эканамічная эфэктыўнасьць.

Гісторыя з ІТ-сэктарам паказала, што пасьпяховыя кампаніі могуць ствараць небясьпеку для рэжыму («айцішнікі» былі важным складнікам пратэстаў 2020 году). Таму няма сумневу, што з БНБК будуць вазіцца яшчэ шмат разоў з тым жа самым усім вядомым вынікам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(3)