Кучынскі: «Лукашэнка баіцца Трампа, баіцца яго непрадказальнасці»

Дыпламатычны дарадца Офіса Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі — пра тое, як далёка могуць зайсці перамовы Захаду з рэжымам Лукашэнкі. 

— Рэжым не знаходзіцца ў моцнай пазіцыі, каб дыктаваць нешта ЗША ці Еўропе, кідаць мяч на іх палову поля і казаць: «Цяпер вы дзейнічаеце». Калі гэта было б так, то не было б такога экстазу ад сустрэчы Лукашэнкі з Келагам, — кажа Кучынскі ў эфіры Еўрарадыё.

Дзяніс Кучынскі

— Зараз сітуацыя, калі так ці інакш будуць развівацца падзеі ва Украіне. Напрыклад,  калі будуць дамоўленасці паміж Расіяй і Трампам, з Расіі будуць здымацца санкцыі, то Лукашэнка не трапляе пад гэта — у яго ёсць санкцыі і за Ryanair, і за міграцыйны крызіс, і за парушэнні правоў чалавека. 

Калі Лукашэнка хоча паказаць сур'ёзнасць сваіх намераў, як яны казалі пра нармалізацыю стасункаў і іншае, трэба спыніць рэпрэсій. Спыніце на паўгады рэпрэсіі, выпусціце ўсіх палітвязняў — адразу або часткамі, але пакажыце сур'ёзнасць намераў.

Пакуль мы гэтага не бачым. Ідзе спроба, але стратэгічнага прасоўвання не назіраецца.

Таму тут крок за рэжымам — выпускайце людзей, лідараў беларускага руху: Калеснікаву, Бяляцкага, Бабарыку. 

Дарадца ОСЦ адзначыў:

– У ЗША моцная пазіцыя, і Лукашэнка баіцца Трампа, баіцца яго непрадказальнасці. Калі Ціханоўскі кажа, што адно слова Трампа можа вызваліць палітвязняў, у гэтым ёсць частка праўды — гэты аўтарытэт і моц сапраўды могуць спрацаваць. 

Кучынскі таксама адзначыў, што Лукашэнка ў больш слабой пазіцыі, чым Пуцін, калі параўноўваць перамовы Трампа з імі. 

— У Пуціна ёсць рэсурсы: зброя, падтрымка людзей у Расіі. У Лукашэнкі гэтага няма, і ў гэтым сэнсе ён у значна больш слабой пазіцыі, чым Пуцін. 

Па-другое, Лукашэнка хоча вярнуцца ў гульню: ён хоча паказаць сябе мацнейшым і перад Пуціным, і перад сваім атачэннем. Таму публічны візіт Келага быў для яго настолькі важным. 

Зараз добры момант, фортка магчымасцяў, каб скарыстаць комплексную стратэгію. Бо часам ідзе такое разуменне чорнага і белага: усе альбо ніхто, ціск альбо не ціск. Але калі глядзець на камунікацыю, то мы заўсёды былі паслядоўнымі: казалі і пра магчымасць перамоў і дыялогу, і пра ціск, што гэта можа ісці разам — адно не выключае іншага. І мы бачым гэта на практыцы. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)