Лявон Вольскі: За што мне сорамна

Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра сорам, які не перадаць словамі... І гэта не пра паводзіны фанатаў Макса Каржа.

Лявон Вольскі, фота з асабістага архіва

«Сорамна за такія паводзіны фанатаў перад палякамі»

Уліцца б у агульную мэйнстрымавую плынь ды напісаць пра фанатаў Макса Каржа. Маўляў, вось якія цяпер норавы, у наш час такога не было (насамрэч, безумоўна, было, толькі не ў такіх маштабах).

І пра тое, што гэта — ня музыка (насамрэч — музыка, ейныя абліччы ў гэтым сьвеце вельмі разнастайныя, і калі вы ня ведаеце і не разумееце нейкага жанру, гэта ня значыць, што ён ня мае дачыненьня да музычнага мастацтва).

І пра тое, што гук быў кепскі (насамрэч зрабіць добры гук у спартовай арэне, калі ты не вязеш з сабою свой поўны камплект апарату, як Rammstein, напрыклад — практычна невыканальная задача).

І пра тое, што сорамна за такіх аматараў творчасьці (а што яны рабілі — падпальвалі машыны? Грамілі вітрыны? Мне здаецца, што пры такім запыце на квіткі можна было сьмела рабіць open air недалёка ад гораду, і тады можна было пазьбегнуць шмат якіх праблемаў, зьвязаных з правядзеньнем шматлюднай акцыі ў цэнтры мэгаполісу).

Дык вось. Шмат хто піша: «Сорамна за такія паводзіны фанатаў перад палякамі».

Добра. Я пачну здалёк. Калісьці, на золку музычнай дзейнасьці, мы знайшлі стабільную пастаянную рэпэтыцыйную кропку. Яна была вельмі далёка ад цэнтру, але з чыгуначнага вакзалу туды ехаў аўтобус-экспрэс. Пару прыпынкаў, дваццаць хвілінаў лёту — і вось ты ўжо на вуліцы Шаранговіча, у будынку навукова-вытворчага аб’яднаньня «Цэнтр».

Гэта быў сакрэтны вайсковы завод, які ў рэчышчы перабудовы й галоснасьці часткова перайшоў на канвэрсійны выраб нейкіх там тавараў для насельніцтва і (таксама ў перабудовачным рэчышчы) вырашыў даць прытулак маладым музыкам. Так мы, гурт «Мроя», займелі на вайсковым заводзе свой пакой, абсталявалі яго неабходнай апаратурай і рэгулярна там рэпэтавалі (да незадавальненьня ахоўнікаў, іхны пакой месьціўся побач).

Часы зьмяніліся, тая музычная фармацыя згасла, зьявілася новая. І знайшлася новая кропка для рэпэтыцыяў. Гэтым разам — у гатэлі «Агат». Насамрэч «Агат» — гэта вайсковае прадпрыемства.

За савецкім часам пры сур’ёзных вайсковых заводах будаваліся гатэлі — для камандаваных зь іншых гарадоў ды рэспублікаў, потым саюз разваліўся, і гатэлі часткова перайшлі на самаакупнасьць. І вось у гэтым гатэлі пры вайсковым прадпрыемстве мы грукаталі ледзьве ня кожны дзень і нават запісалі там два альбомы.

Потым прыйшоў час платных рэпэтыцыйных кропак. Гурт прыяжджае, плаціць уласьніку за рэпэтыцыю, грае колькі трэба і зьяжджае. На такіх кропках ёсьць усё неабходнае — узмацняльнікі, стойкі, мікрафоны.

Ты проста падлучаесься і граеш (сьпяваеш). Вось на адной такой кропцы мы доўгі час рэпэтавалі. Яна таксама (што за супадзеньні!) знаходзілася ў будынку вайсковага заводу.

Гэтае прадпрыемства перажывала ня лепшыя часы — відаць, замоваў было небагата — і здавала ў арэнду шматлікія пустыя памяшканьні. Там было адразу некалькі рэпэтыцыйных кропак, і некаторыя зь іх працавалі як студыі — то бок, там можна было пры жаданьні й магчымасьцях запісаць дэма, самотнік ці то цэлы альбом.

Дык вось да 2014 году справы ў таго вайсковага заводу йшлі так сабе. А як пачалася вайна на ўсходзе Ўкраіны — прадпрыемства аджыла, абудзілася, пачаліся рамонты памяшканьняў, закіпела праца...

І гэта толькі мой досьвед. Досьвед судакрананьня з вайскова-прамысловым сэктарам. Я ўжо не кажу пра былога сябра, які ўсё жыцьцё прапрацаваў на засакрэчаным прадпрыемстве (тыпу «навукова-дасьледчы інстытут»), ці пра хлопчыкаў, якіх пасьля ўнівэрсытэту разьмеркавалі на вытворчасьць дронаў, і якія, не міргнуўшы вокам, вырабляюць гэтыя las machinas de la muerte (а што? Нармальна плацяць. Праца як праца).

Так сорамна, што не перадаць словамі...

Зірніце вакол сябе. І неўзабаве знойдзеце сваякоў, сяброў, знаёмых, якія задзейнічаныя ў так званым вайскова-прамысловым сэктары. Яшчэ нядаўна ён чэзнуў, ляжаў ледзьве не ў руінах, а цяпер — жывейшы за ўсіх жывых! — дроны, мікрасхемы, IT-распрацоўкі, прыцэлы, мацаваньні, шрубы... Усё запатрабавана, праца кіпіць!

Расеі патрэбнае ўзбраеньне. Тое, што раней сарамліва называлі «абаронная прамысловасьць», цалкам перайшло на ваенныя рэйкі. Яно забясьпечвае, насычае, падхарчоўвае вайну.

І вось за гэта мне рэальна сорамна. За людзей маёй краіны, якія пад прыкрыцьцём выжываньня ці то сямейнага дабрабыту сілкуюць вайну. Крывавую захопніцкую бойню, якая зусім побач.

Не за фанатаў Макса Каржа, якія пералезьлі (які жах!) з глядацкага сэктару на танцпляц і хорам скандавалі антываенныя лёзунгі, а вось за іх — за маіх суайчыньнікаў, якія, усё выдатна ведаючы і разумеючы, падкідваюць новыя і новыя дровы ў вогнішча вайны і пры гэтым робяць выгляд, што ўсё нармальна, усё ў парадку, праца як праца. Сорамна. Так сорамна, што не перадаць словамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(39)