«Мярзотна было назіраць, як да антыўкраінскай кампаніі далучаліся прадстаўнікі культурных элітаў РФ»

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч – пра стаўленне да рашэння аб дэмантажы помніка Міхаілу Булгакаву ў Кіеве.

У інтэрв'ю, дадзеным днямі «Радыё Свабода», вельмі паважаны мной ужо, дзякуй Богу, былы палітвязень Аляксандр Фядута сярод іншага адказаў на пытанне пра зняцце помнікаў Булгакаву і Ахматавай у Кіеве, – піша Пашкевіч. – І згадаў у тым ліку:

«Стаўленне да культуры — гэта не стаўленне да Пуціна. Тыя людзі, помнікі якім зносяць сёння ў Кіеве, яны не сказалі б ні слова, разумеючы, што іх краіна вядзе вайну, і гэтая вайна не з'яўляецца справядлівай. Я думаю, што і Булгакаў бы ўсё зразумеў, і Ахматава б усё зразумела. Гэта людзі, якія сапраўды былі носьбітамі культуры».

Вельмі дзіўна, шчыра кажучы, такое чуць. Таму што ні што іншае, як самая што ні на ёсць найноўшая, сучасная гісторыя, у якой мы самі жывём проста цяпер, сведчыць пра тое, наколькі малое значэнне ў справе падтрымкі імперыялістычнай захопніцкай палітыкі мае тое, носьбіты людзі культуры ці не носьбіты.

Аляксандр Пашкевіч

Прыгадаем жа гэтую нядаўнюю гісторыю, якая працягваецца да гэтага часу і хоць бы прамежкавага канца ёй не праглядаецца.

Калі гэтая вайна толькі пачыналася ў 2014 годзе, ці не найбольш мярзотна за ўсё іншае было назіраць за тым, як да агалцелай антыўкраінскай кампаніі і да прапуцінскага адабрамсу, вядома, не стопрацэнтна, але тым не менш масава далучаліся прадстаўнікі расійскіх культурных элітаў – пісьменнікі, мастакі, акцёры, спевакі і гэтак далей, і да таго падобнае.

Прытым многія з іх да таго часу мелі цалкам прыстойную рэпутацыю, лічыліся лібераламі і дэмакратамі, былі паважаныя і любімыя не толькі ў Расіі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы, у тым ліку ва Украіне.

І актыўна падтрымаўшы, многія на старасці гадоў, усю гэтую дзікасць, цешачыся з «вяртання» Крыма ды спачуваючы «народу Данбаса», людзі банальна псавалі сабе некралог.

Прытым гэта былі не нейкія людзі, якія да культуры толькі «прысмакталіся», а самі нічога з сябе не ўяўлялі – не, усё ў парадку ў іх было і з талентам, і з рэальнымі культурнымі заслугамі.

Вось толькі ў крымскай эйфарыі чалавечае сумленне ў іх з верхам накрыла вялікадзяржаўная пыха. І ў пераважнай большасці з-пад яе гэта сумленне так і не выбралася, ды ўжо відавочна і не выберацца ніколі.

У 2022 годзе большасць гэтых «носьбітаў культуры» тое, што іх паводзіны за 8 гадоў да таго былі не выпадковыя, бліскуча пацвердзілі яшчэ раз.

Пасля ж тых падзей ужо амаль 12-гадовай даўніны, помню, усе наступныя гады, калі цяпер нябожчык Уладзімір Ляхоўскі, згадаўшы пры мне з той ці іншай нагоды імя нейкага расійскага культурнага дзеяча, казаў пра яго як пра нармальнага, у мяне проста аўтаматычна вырывалася: «Але ж ён не дажыў да 14-га!»

І ён са мной у большасці выпадкаў пагаджаўся – так, сапраўды, гэта тады ён здаваўся нармальным, але выпрабаванне Крымам і не такія не праходзілі... Адно што толькі некаторыя, хоць гэта можа цынічна гучыць, паспелі своечасова памерці.

І вось добра памятаючы гэта ўсё, мне надзвычай дзіўна чытаць, што «Булгакаў бы ўсё зразумеў». З чаго раптам бы ён нешта зразумеў, будучы абсалютна ідэйным і перакананым праціўнікам украінства ў яго нацыянальнай версіі?

Для дзеячаў з такімі поглядамі, незалежна ад узроўню «культурнасці», у 2014-м і ў 2022-м было цалкам натуральна заходзіцца ў імперскім экстазе, і я нават не ведаю, ці былі якія-небудзь выключэнні, калі нехта да  2014 года ставіўся да ўсяго ўкраінскага так, як Булгакаў, але па факце асудзіў агрэсію Расіі і прыняў бок Украіны.

Помнік Міхаілу Булгакаву ў Кіеве. Фота: toursdekiev.com.ua

Карацей, адносна таго, што жывучы ў нашы часы Міхаіл Апанасавіч быў бы ў лагеры самых агалцелых рускамірцаў, у мяне ні кроплі сумневу няма (адносна Ахматавай ёсць прынамсі кропля).

Што ніяк не адмяняе мастацкай вартасці ягоных твораў. Талент ідзе ў звязцы з самымі рознымі поглядамі і цудоўна з любымі спалучаецца, нават бывае, што самымі людаедскімі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(17)