«Наперадзе ідзе інструмент — руская мова, а за ёй ужо астатняе – жахлівае і крывавае»

Гісторык Яўген Красулін — пра тое, як можна маніпуляваць моўным пытаннем.

— Людзі, якія кажуць: маўляў, якая розніца, на якой мове гаварыць, яны ацэньваюць толькі адну функцыю мовы — камунікатыўную, то-бок нам трэба перадаць нейкую інфармацыю суразмоўцу і, якая розніца, на якой мове, — разважае Яўген Красулін на Еўрарадыё. —Напрыклад, двойчы два — чатыры, якая розніца, на якой мове мы скажам чалавеку гэта, калі чалавеку будзе зразумела.

Але насамрэч камунікатыўная функцыя не адзіная. У мовы яшчэ ёсць вельмі істотная функцыя — вызначэння ідэнтычнасці.

Гэта калі па мове чалавек адносіць сябе да адной групы і выдзяляе іншыя групы. Проста можна сказаць, гэта катэгорыі «свой-чужы». Вось чалавек, які размаўляе на маёй мове — гэта свой чалавек, а той, хто размаўляе на іншай мове — чужы. Да чужога, якімі бы мы ні былі талерантнымі, мы ўсё роўна ставімся з пэўнай засцярогай.

Наогул усе жывыя істоты напружана ставяцца да нейкай інвазіі, да нейкага чужога, з чым сутыкаюцца. Гэта выклікае і цікаўнасць, але, у асноўным, засцярожанае адхіленне.

Па гэтай лініі «свой-чужы» і адбываюцца канфлікты, у тым ліку і грамадзянскія войны. І ў Беларусі можна знайсці падставы для ўзнікнення такога гарачага канфлікту па моўным пытанні, асабліва калі будзе існаваць вонкавая падпітка для гэтага, то-бок нейкія суседнія дзяржавы (не будзем паказваць пальцам), для якіх іхняя мова ёсць інструмент экспансіі.

Яны, безумоўная, могуць гэтым скарыстацца. А калі ўбухаць дастаткова рэсурсаў, можна любы канфлікт на пустым месцы раздуць. А такое складанае пытанне як мова, канешне, будзе добрай падставай, добрай глебай.

Гісторык таксама тлумачыць, як можна маніпуляваць мовай для дасягнення сваіх агрэсіўных мэтаў.

— Некаторыя кажуць «язык не вінаваты» ў кантэксце расійска-ўкраінскай вайны і нават так метафарычна параўноўваюць з сякерай ці нажом, ці яшчэ якім інструментам, якім можна забіць: маўляў, не сякера забівае, а чалавек, таму сякера не вінаватая.

Але сякера ўсё роўна забівае, калі яна ў руках гэтага чалавека. Дык якая ў нас задача: казаць, якая розніца, хай у яго будзе сякера, яна ж не вінаватая, прычым тут яна, ці наша задача выбіць сякеру з рук гэтага чалавека, які пераўтварае яе ў інструмент забойства? Так і мова.

Уласна кажучы, сама па сабе яна не вінаватая. Але ж яна выкарыстоўваецца як гэты інструмент забойстваў чужых моваў, чужых культур, этнічных групаў, нацыяў, дзяржаваў.

У выніку атрымліваецца, калі мы пакінем гэты інструмент у руках чалавека-забойцы, тады нам трэба будзе абараняцца. Пры гэтым мы не мусім раздзяляць мову і таго, хто ёй карыстаецца. Расіяне не хаваюць, яны прама кажуць: «где русский язык, там русский мир».

І калі яны гэта кажуць, калі робяць гэта сваім планам, сваім сімвалам веры, яны самі ў гэта пачынаюць верыць. Чаму пад пагрозай расійскай экспансіі ў першую чаргу аказваюцца тыя краіны, дзе пашырана расійская мова?

Таму што расіяне самі вераць у тое, што дзе іх язык, там «русский мир», і мы вось прыйдзем — і там гэтыя рускамоўныя будуць сустракаць нас кветкамі, бо яны ж нашы.

То-бок наперадзе ідзе інструмент — мова, а за ёй ужо ідзе ўсё астатняе – жахлівае і крывавае, што мы можам цяпер назіраць ва Украіне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)