Культурны працэс

Паліна Верабейчык

«Пачынаць трэба з мастацкага, каб уцягнуцца ў беларушчыну, раскаштаваць на смак»

Адмысловец у сферы фальклору Вячка Красулін распавеў «Салідарнасці» пра тое, чым жыве традыцыйная культура і як Купалле ці Каляды аб’ядноўваюць людзей па-над палітыкай.

Мы працягваем сумесны праект з Беларускай Радай культуры, у якім разам з экспертамі разважаем, чым жыве беларуская культура сёння па абодва бакі мяжы, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца, чаго дасягае, часта насуперак абставінам, і якімі бачацца перспектывы.

Гэта другая частка вялікай гутаркі з Вячкам Красуліным пра стан традыцыйнай культуры. Пачатак чытайце тут.

Вячка Красулін. Фота з асабістага архіву

— Калі ўнутры краіны шмат што робіцца ананімна, то па-за межамі — шмат майстроў, шмат імпрэз, фэстаў, несупынны варушняк. Выйшаў зборнік «Беларускія калыханкі», гурт VOLYA у ЗША запісаў альбо «На новае лета», Сяржук Доўгушаў калядуе, Купалле святкуюць у Вільні, Варшаве, Батумі, Вашынгтоне і Каліфорніі і далей па ўсім свеце, дзе ёсць беларусы.

Якія імёны, падзеі, ініцыятывы яшчэ абавязкова трэба назваць?

— Так, наконт традыцыйнай культуры ўсё добра. Сяржук Доўгушаў пастаянна займаецца яе распаўсюдам, і такім чынам, і сякім. У Варшаве існуе школка ігры на дудах, у Вільні я спрабую стварыць яе філіял, але ці то ў мяне часу нестае праз вялікую загружанасць, ці то людзям не вельмі да таго — пакуль два чалавекі займаюцца.

Плюс мае сяброўкі з гурта «Беларускі цуд» стварылі батлейку, якая называецца «Батлейка-цудадзейка» — мы ўжо ладзілі паказы і на Каляды, і на Юр’я. Дзяўчаты апрацоўваюць казкі і легенды і ствараюць сюжэт, самі шыюць лялек, я ў творчы працэс моцна не лезу, выступаю толькі як актор і музыка. У адной казцы ў нас быў Вох — кашлаты, як я люблю, — цяпер гэтая лялька «жыве» ў мяне ў пакоі, бо ў батлейку не ўлазіць.

Шмат выступае спеўны калектыў «Беларускі цуд» пад кіраўніцтвам Святланы Чакушкі. Дарэчы,  разам з імі наша музычная капеля «Ойра» выступіць у Вільні 19-20 верасня на фестывалі Tautų mugė (Кірмаш народаў). То бок, як мінімум за свае рухі па падтрыманні і рэпрэзентацыі беларускай спадчыны магу сказаць: у нас усё окей.

Музычнай капелі «Ойра» ужо тры гады. Фота з сацсетак

Яшчэ ёсць вельмі класная арганізацыя ў Клайпедзе —  Мора беларускіх ідэй (GOODų idėjų YOUra), яны, дарэчы, выкарыстоўваюць старую назву Беларусі — не Baltarusija, a Gudija. Там вельмі класная кіраўнічка, і напрыканцы траўня мы выступалі ў іх на Дні нацыянальных меншасцяў — і пайгралі, і спявалі (наша цымбалістка Паліна Курановіч выдатна спявае, то адмыслова праводзіла майстар-клас), і майстар-клас па танцах зладзілі, і выцінанкі рабілі.

Скажу шчыра, мы там былі нумар адзін для турыстаў, бо з усіх калектываў на галоўнай сцэне жыўцом выступалі толькі мы і яшчэ індус, які граў на акустычнай гітары. І месцічы, і турысты з Германіі, з Японіі, з Індыі падыходзілі — добрая тусоўка была.

Што цікава, быў там прадстаўлены і намёт пад чырвона-зялёным сцягам — і калі мы дэманстравалі традыцыйную беларускую культуру, у тым намёце гатавалі дранікі ды прадавалі СD гуртоў а-ля «Песняры», «Верасы», ды фабрычныя рушнікі.

Хачу назваць таксама беларускі клуб «Сябрына» — ведаю іх яшчэ з 2015 года, студэнтамі прыязджалі да мясцовых літоўскіх беларусаў. А пасля 2020-га з кіраўніком ініцыятывы Валянцінам Стэхам стала супрацоўнічаем, рэгулярна ладзім культурныя мерапрыемствы.

— Так, хвіліначку, а чаму мы не згадваем ваш гурт «Кашлаты Вох», які адрадзіўся пасля доўгага перапынку?

— Бо гэта ўсё ж не зусім фальклор. І як я пераехаў у Літву, творчая дзейнасць была часова прыпыненая.

Ці адбылося адраджэнне? Можна сказаць і так. У гурце перайграла за ўвесь час каля 40 чалавек, у нас шмат разоў змяняліся і склады, і стылістыка: пачыналі канкрэтна як фолк-гурт — калі я яшчэ не ўмеў ні граць, ні спяваць (смяецца), а потым дадаліся інструменты і скіраванасць у панк.

У Вільнюсе доўгі час не мог нікога знайсці, потым дадаўся бубнач — але праз працу ён пераехаў у Польшчу. А потым пазнаёміліся з вельмі класным андэграўндным гітарыстам, у яго быў знаёмы басіст — давай граць. Не хапала толькі ўдарніка, але я прыгадаў, што аднойчы а 5 раніцы пад барам пазнаёміўся з ударнікам, мы джэмавалі — і напісаў яму.

Недзе на пачатку 2024 года мы пачалі рэпетаваць, адпрацоўваць і стары матэрыял, і новы. Па адчуваннях — беларусам цікава. І не толькі ім. Я імкнуся не ствараць замкнёную «бурбалку», а вельмі шмат з кім стасавацца — у нас былі канцэрты ў Літве, у Польшчы, а на канец восені, спадзяюся, будзе даволі грунтоўны тур у падтрымку міні-альбома. Цягам верасня мусіць усё вырашыцца.

«Кашлаты Вох» на канцэрце ў Вільні. Фота з асабістага архіва Вячкі Красуліна.

Мы спецыфічны гурт, але нашая разынка — дуда, можа быць, гэта спрацоўвае. Спадзяюся, зрэшты, што спрацоўвае ўсё ў комплексе.

«Унясенне беларускай туды ў спіс ЮНЕСКА цяпер — больш палітычны крок»

— Даследчыкі адзначаюць рост папулярнасці саламяных павукоў — як у Беларусі, так і па-за межамі. Наўрад ці гэта звязана з унясеннем беларускага саломапляцення ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА (2022), хутчэй, з дасяжнасцю гэтага рамяства.

А што рабіць тым, хто хоча спрычыніцца да традыцыі, але з саломкай і іншымі рамёствамі не зраслося, як кажуць, рукі з іншага месца?

— Тут ёсць майстар-класы — па танцах, спевах, па ігры на музычных інструменні, пляценні на дошчачках, заняткі керамікай, традыцыйнай і сучаснай, і г.д. Дадамо яшчэ нефармальныя культурніцкія штукі, фэсты, прэзентацыі кніг, канцэрты харавой музыкі, панк-року, воркшопы для дзяцей і іх бацькоў, Тыдзень беларускай культуры, — вельмі шмат усяго.

Супольнасць, якая звязана з традыцыйнай клуьтурнай дзейнасцю, вандруе па свеце, то трэба сачыць за аб’яўкамі. Часам гэта нават складана зрабіць, бо мерапрыемстваў вельмі шмат і даводзіцца абіраць, на якое лепей схадзіць.

Скрыншот паведамлення ЮНЕСКА ў сацсетках, 2022 год

— Сёлета ў траўні стала вядома, што ў спіс ЮНЕСКА плануецца ўключыць і культуру беларускай дуды. Як на ваш погляд, ці будзе гэта на карысць, ці не? І што цяпер з дудой у Беларусі — раней былі вядомыя майстры і майстэрні, «Дударскі фэст», а сёння?

— Сёння досыць ціха, таму што асноўныя арганізатары гэтых фестываляў жывуць ці не ў Беларусі, ці не хочуць падстаўляцца, мець праблемы праз сваю дзейнасць. Бо з гастрольнымі пасведчаннямі цяпер складана, атрымаць іх могуць хіба людзі, звязаныя з афіцыйнымі ўладамі — дый нават ім часам адмаўляюць у правядзенні канцэртаў.

«Дударскі фэст» на Глыбоччыне, 2018 год. Архіўнае фота з сацсетак

Але ж асноўныя майстры, якія рабілі і робяць дуды, застаюцца ў Беларусі, займаюцца традыцыйнай беларускай культурай — на палітычнае жыццё ў іх няма часу. З’яўляюцца і новыя музыкі, і іх нямала.

Што наконт далучэння дуды да спісу ЮНЕСКА — «круглыя сталы» пры Мінкультуры і іншых інстытуцыях, якія гэтым займаліся, пачаліся яшчэ ў 2016 годзе. Справа ў тым, што традыцыя мусіць працягвацца не менш за 25 год, каб яе ўнеслі ў сусветны спіс. Але дыскусіі сярод прадстаўнікоў дударскага руху, ці пойдзе гэта на карысць, былі і тады.

Скажам, Яўген Барышнікаў — выбітны даследчык, выдатны музыка — жыве цяпер не ў Беларусі. І мне, напрыклад, вельмі не хочацца, каб без яго гэтай справай нехта ўвогуле займаўся.

Таксама прадстаўніца Беларусі пры ЮНЕСКА Ала Сташкевіч — калі не памыляюся, яна таксама вымушана з’ехала з краіны. А яна прафесіянал, якая працавала з усімі папярэднімі маркерамі, унесенымі ў сусветны спіс нематэрыяльнай спадчыны — зноў жа, не вельмі хочацца, каб без яе гэтым займаліся. Дый іншыя дудары, якія маюць вагу ў гэтым асяроддзі, не могуць прысутнічаць у Беларусі на абмеркаваннях.

Унясенне беларускай туды ў спіс ЮНЕСКА цяпер я бачу больш, як палітычны крок. Ведаю людзей, датычных да дудовай традыцыі, якія працуюць у афіцыйнай сферы — яны могуць скарыстацца гэтым для ўмацавання сваіх пазіцый у сучаснай наменклатуры.

То, падсумоўваючы — гэта было б добра, але не цяпер. Яшчэ шмат працы. Цяпер гэта будзе, хутчэй, прафанацыя працэсу і палітычны выйгрыш. Бо сярод тых, хто набліжаны да Мінкультуры і датычны да ідэнтыфікацыі і дакументацыі, няма кампетэнтных спецыялістаў, якія маглі б зрабіць усё на вартым узроўні.

— Каб беларуская традыцыйная культура выжыла ў эміграцыі і не ператварылася ў штучныя «бурбалкі», на вашу думку, які шлях больш слушны: захоўваць творчую аўтаномію, альбо шукаць кропкі судатыкнення, інтэграцыі з тымі краінамі, у якіх мы апынуліся?

— Я адкажу так: і захаванне аўтаноміі, і інтэграцыя. Бо калі не супрацоўгнічаеш з іншымі — на цябе глядзяць, як на чужаніцу, і гэта вельмі дрэнна. Быццам прыехаў чалавек, сеў сабе ў пакойчыку і нікуды не выходзіць, а што там робіць — невядома.

Той жа ўдзел ў літоўскім Кірмашы народаў — прыклад таго, што мы і інтэгруемся, удзельнічаем у мясцовых ініцыятывах, і захоўваем сваю ідэнтычнасць.

Зараз – 19-21 верасня – ў розных гарадах Літвы адбываецца фестываль «Уся Літва танцуе»: абраныя абавязковыя 6 танцаў з розных рэгіёнаў, але потым іншыя калектывы могуць паказаць і іншыя танцы, і танцы нацыянальных меншасцяў. «Ойру» запрасілі на гэты фэст, і мы пакажам тры беларускія танцы на адной з віленскіх сцэн.

«Тое, што прапануюць у школе — збольшага прапагандысцкая лухта»

— Традыцыйная культура, фальклор — тое, што мусіць аб’ядноўваць беларусаў па-над палітыкай. У якім фармаце сёння гэта магчыма (калі магчыма)?

— Гэта ўжо і адбываецца. «Купалінка», Купалле ў розных варыяцыях — гэта ж для ўсіх.

Прыкладам, у клубе «Сябрына» ёсць тыя, хто не падтрымлівае нацыянальныя ідэі наконт інтэграцыі з ЕС, яны ўладкаваліся ў жыцці, у іх усё нармальна. Але і для іх, і нават для дзеючай беларускай наменклатуры альбо іх дзяцей фальклор, традыцыйная культура — абсалютна ліквідныя рэчы. За выключэннем выпадкаў, калі ў сям’і культывуецца руская культура, а «беларуская мова — гэта ж дыялект рускай». Такое я таксама бачыў. Але, зноў жа, праз пакаленне можа вылезці тая самая «пагрэшнасць», цікавасць да сваёй гісторыі, культуры, нацыянальнай ідэі.

Святлана Ціханоўская на Купаллі з беларусамі Вільні, 2024 год. Фота: t.me/tsikhanouskaya

Гэта складаны працэс, у якім шмат пераменных. Лепей за ўсё — проста працягваць займацца сваёй справай, і хаця б адзін з дзесяці зацікавіцца. І гэта ўжо будзе вельмі добра.

— Можна даць падказку-параду тым неафітам, якія хочуць адчуваць сябе беларусамі, але не ведаюць, з чаго пачаць:  якія крыніцы, сайты, кнігі варта пачытаць і паглядзець?

— Я магу парэкамендаваць фільм «Купала» 2020 года, які не выйшаў у афіцыйны пракат. Ёсць дзве версіі, але адрозніваюцца яны нязначна, сэнс аднолькавы і крыху раскрываецца няпростая яго біяграфія.

Хоць асабіста мне вельмі не падабаецца, што пры Саветах вылучылі толькі Купалу і Коласа, і як «ехалі» на іх, так і дасюль «едуць». У прынцыпе, рэкамендую глыбей азнаёміцца з іх творамі, бо тое, што прапануюць у школе — збольшага прапагандысцкая лухта.

Канешне, Караткевіч, «Дзікае паляванне караля Стаха» — абавязкова. Потым — альбом NRM «Дом Культуры», толькі версія менавіта з п’есай — каб «прачуўстваваць усю трагедзію, што к нам едзе НРМ».

«Шляхціц Завальня» — вельмі рэкамендую, гэта беларускае фэнтэзі высокага гатунку. І каб абмежаваць спіс на прыгожай лічбе пяць — ох, тут складана выбраць, вельмі шмат добрых кніг — хай будзе Уладзімір Арлоў «Айчына: Маляўнічая гісторыя», там і пачытаць, і паглядзець цікава і даступна, што адбывалася ў нашай гісторыі (толькі ўлічвайце, калі ласка, што гэтая кніжка «крыху забароненая» ў РБ).

То бок, пачынаць трэба з мастацкага, каб уцягнуцца ў беларушчыну, раскаштаваць на смак — і тады ўжо выбіраць, што вам больш даспадобы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)