Филин

Юлія Кот

Пашкевіч: Да канчатковай перамогі «рускага свету» ў Беларусі далёка

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч у каментары Филину — пра гісторыкаў на службе ідэалогіі і чаму «рускі свет» у Беларусі яшчэ не перамог.

25 верасня ў Мінску адбылося чарговае паседжанне Рады па гістарычнай палітыцы. Кіраўнік адміністрацыі Дзмітрый Крутой абазначыў яе ўдзельнікам цэлы шэраг задач: ад складання пантэону нацыянальных герояў да актуальнага пераліку манументаў, што ўяўляюць гістарычную каштоўнасць, і шырокай інфармацыйнай барацьбы «за наш пункт гледжання і праўду».

Выглядае на тое, што акурат гісторыі ў гэтым зусім няшмат. Затое вельмі многа ідэалогіі і крыху фінансавых разлікаў. Пра тое, чаго выпадае чакаць далей, Филин пагутарыў з сябрам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандрам Пашкевічам.

Аляксандр Пашкевіч

— Гэта далёка не першае мерапрыемства, якое праводзіць Лукашэнка і ягоныя ідэолагі і дзе абмяркоўваецца адное і тое ж пытанне: «як нам зрабіць нашу прапаганду, у тым ліку на гістарычным полі, больш эфектыўнай, чым яна ёсць цяпер», — зазначае суразмоўца.

Ён нагадвае, што беларускія чыноўнікі выконваюць гэтыя задачы вельмі фармальна, без душы і без крэатыву — таму і вынікі адпаведныя, і сістэма агулам працуе не надта добра. Чарговае паседжанне Рады па гістарычнай палітыкі таксама не стане ў гэтым плане прарыўным:

— Ідэалогіі не з’явілася, нічога жыццядзейнага не прыдумалі, толькі на старых дражджах збіраюцца пячы той самы хлеб. Маўляў, давайце разгорнем яшчэ больш шырока тое, што ёсць, інтэнсіфікуем прапаганду, каб дасягнуць эфектыўнасці.

З новых задач — хіба задача пашыраць пантэон нацыянальных герояў. Прытым самі ж чыноўнікі гавораць пра тое, што ў плане Вялікай Айчыннай вайны ўсё і так цудоўна, то давайце пашырым пантэон за кошт герояў 17 верасня, «змагання за ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі».

Безумоўна, што гэта будзе зроблена, на свет выцягнуць новыя-старыя імёны дзеячаў КПЗБ альбо іншых прасавецкіх заходнебеларускіх арганізацый. Але рабіць гэта будуць тымі самымі метадамі, што і цяпер, а таму не атрымаюць прапагандысцкага эфекту, на які разлічваюць улады. Самі ідэолагі будуць рабіць гэта, толькі каб адсправаздачыцца.

Мы назіралі гэта нядаўна, калі беларускія ўлады адзначылі 80-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, і дзяржаўная машына расказвала, нібыта ўвесь народ стаіць адной сцяной і ні аб чым іншым не думае — а літаральна праз некалькі дзён прапагандысты кшталту Азаронка ўшчувалі, што ўсе гэта рабілі «для птушачкі».

— Яшчэ адзін момант, які зачапіў — пералік манументаў, што ўяўляюць гістарычную каштоўнасць. Сам Круты сказаў, што гэта — пра грошы. А з улікам, што сёлета фактычна ўсе помнікі і памятныя знакі, адкрытыя ў Беларусі, датычыліся ваеннай тэматыкі — іншыя мемарыялы прыйдуць у заняпад?

— Хутчэй за ўсё, гэтага варта чакаць. Улічваючы ідэалагічную ўбогасць улады, яна не можа канкураваць са сваімі ідэйнымі праціўнікамі ў роўнай барацьбе.

Бо ў апанентаў сапраўды ёсць ідэя, ёсць той нацыянальны пантэон, які склала само жыццё. Але ва ўладаў у руках сіла і рэпрэсіўны апарат, і яны робяць тое, што могуць: затыкаюць апанентам рот, абмяжоўваюць іх прысутнасць у памятным полі.

Калі нейкія помнікі не ўпісваюцца ў мадэль цяперашняй улады — натуральна, што не будуць ставіць новыя, існуючыя — не будуць даглядаць належным чынам.

Магчыма, што будуць прымацца і рашэнні пра нейкі знос, дэмантаж.

Мы бачылі апошнія гады, як здымалі пэўныя шыльды. А грошы, сілы — усё гэта будзе скіравана, каб прасоўваць «зацверджаны» пантэон.

Зрэшты, дадае гісторык, у гэтым пантэоне могуць апынуцца не спрэс военачальнікі, партызаны і прадстаўнікі савецкай улады. Прынамсі сёлета праўладны дзеяч, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, разважаючы пра спіс выбітных асоб, называў імёны Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і нават Пятра Машэрава.

— То бок, у ідэалагічнай багне ёсць і кроплі пазітыву — прасоўваючы сваіх, улады пэўным чынам, хоць і ў сваіх інтарэсах, супрацьстаяць распаўсюду «рускага свету»?

— Канешне, тым беларускім дзеячам, хто наўпрост адзначыўся ў змаганні супраць Расіі, ад Маскоўскага княства да Расійскай імперыі,— ім не пазайздросціш, пра захаванне іх памяці наўрад ці будуць дбаць.

Але ж, хоць ёсць і знутры Беларусі, і звонку ціск наконт таго, каб нам цалкам пераняць расійскую гістарычную канцэпцыю, — да поўнага зліцця справа пакуль што не даходзіць. Нават у падручніках новай рэдакцыі ёсць не адно толькі негатыўнае пра Вялікае Княства Літоўскае.

Дый у шэрагах лукашэнкаўскай улады на гэты конт няма адзінства. Відавочна, пазіцыя таго ж Ігара Марзалюка адрозніваецца ад пазіцыі Гігіна. Пытанне ў тым, якая з гэтых груповак перамагае, мае большы доступ да цела таго, хто прымае рашэнні. Аднак пакуль што, на мой погляд, да канчатковай перамогі «рускага свету» далёка.

І нейкі супраціў мы бачым. Лукашэнка, відаць, не хоча, каб гэта ўсё было цалкам падмята (прыгадаем той жа юбілей перамогі і спрэчкі наконт стужак у Беларусі — «яблыневы цвет» альбо георгіеўскія). Ён хоча, каб была захаваная пэўная суб’ектнасць. Не таму, што ён так любіць беларускую культуру і гісторыю — але таму, што хоча захаваць уладу ў асобнай суверэннай дзяржаве, а не ў рэгіёне РФ.

Усё гэта змешваецца ў агульную кампазіцыю: з аднаго боку, узмацняецца русіфікацыя, а з другога, нейкі гібрыд, не чыста расійская ідэалагічная мадэль.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)