«Пры затрыманні яго жорстка збілі, зламалі нос і нанеслі шматлікія раны»
Былая палітзняволеная Антаніна Канавалава нагадала пра лёс юнака, які пяты год знаходзіцца за кратамі.
«Ягора Лянкевіча затрымалі за ўдзел у пратэстах. Яму было 20 гадоў, пры затрыманні яго жорстка збілі, зламалі нос і нанеслі шматлікія раны, страшна нават уявіць, што ён думаў у той момант, — напісала Антаніна Канавалава. — Ягор быў выдатнікам, адным з лепшых вучняў у школе, разумны, начытаны, спакойны хлопец, які ішоў на залаты медаль».
Прысуд: 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. З верасня 2023-га Ягора перавялі ў больш жорсткія ўмовы — на турэмны рэжым на два гады.
Пазней Ягору прысудзілі яшчэ 10 месяцаў і 14 дзён паводле артыкула 411 — «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі». Гэты артыкул улады актыўна выкарыстоўваюць супраць палітзняволеных.
Ягору 25 год, «ён вучыцца выжываць, ён зараз там, за кратамі, і верыць, што ў яго яшчэ ўсё жыццё наперадзе».
Антаніна Канавалава заклікала: «Заўсёды памятайце пра тых, хто цяпер не з намі».
Як паведамляюць праваабаронцы, у Ягора праблемы з сэрцам і крышацца зубы. Па стане на пачатак восені 2025 года Ягор Лянкевіч адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 20. Улады ўнеслі яго ў спіс «экстрэмістаў» і ў спіс «тэрарыстаў». У зняволенні яму забароненыя грашовыя пераводы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное