Женщины

Кацярына Кулакова

Юлія Семчанка: «Давялося наступіць сабе на горла — я мусіла заставацца побач з сынам»

«Было адчуванне, што ў мяне адарвалі руку», — так апісвае Юлія Семчанка тры гады, калі ёй давялося жыць без мужа, журналіста і былога палітзняволенага Дзмітрыя Семчанкі. Ратаваннем у гэты час сталі падарожжы па Беларусі, родная мова і людзі. Пра тое, як ёй удалося перажыць гэты перыяд, Юлія расказала «Салідарнасці» ў першым за доўгі час інтэрв’ю.

Юлія Семчанка. Усе фота з асабістага архіва гераіні

«Сын мог засумаваць, сесці на ложак і сказаць: «Вось у мяне таты няма»

— Апошнія гады ў мяне было адчуванне, што я жыву два абсалютна розныя жыцці: адно — вельмі балючае, другое — светлае і радаснае, дзякуючы якому і ўдалося перажыць першае, — успамінае Юлія. — У 2022 годзе нас з мужам затрымалі. Мяне потым адпусцілі, а яго асудзілі на тры гады.

Першыя паўгады былі дужа балючыя: было цяжка прыняць факт, што трэба вучыцца быць адной, што муж не побач і яму зараз складана, што на гэта ніяк не магчыма паўплываць.

— На момант, калі Дзіму затрымалі, мы жылі разам каля дзесяці гадоў. Было адчуванне, што ў мяне адарвалі руку — нажывую, з крывёй, і мне трэба вучыцца жыць без яе, — працягвае суразмоўніца «Салідарнасці». — Дзесьці праз паўгады такога існавання я зразумела, што трэба працягваць жыць. Вырашыла заставацца ў Беларусі, узяць на сябе арганізацыйныя моманты: збіраць мужу перадачы, ездзіць на спатканні. Хаця Дзіма казаў: можа, лепш з’ехаць, каб ён не хваляваўся за нас з сынам. Але я гэтага не ўяўляла.

Разам з тым вырашыла, што ад гэтага перыяду вазьму максімум. І пачала актыўна вандраваць па Беларусі. Гэта стала маёй новай апорай. Прыяджала ў новы горад і думала: я проста турыстка. Цалкам адключалася і адчувала сябе іншым чалавекам. Дзякуючы гэтаму трымалася.

А яшчэ — дзякуючы падтрымцы родных, сябровак і незнаёмых людзей. Да таго ж, вельмі дапамог мой беларускамоўны блог: дзякуючы яму я знайшла новых беларускамоўных сяброў і сябровак.

Такім чынам у мяне атрымалася пабудаваць вельмі камфортнае асяроддзе, дзе мы ўсе былі на адной хвалі, дзе ў мяне былі шчаслівыя моманты нават у такі складаны час. І я ўдзячная сабе за жаданне вандраваць, даведвацца пра родны край. Ніколі ў жыцці так шмат не вандравала і не цікавілася нашай культурай і людзьмі.

Сваім болем Юля не магла дзяліцца публічна, таму выказвалася родным. Падтрымлівалі і незнаёмыя беларусы, якія цікавіліся, як справы ў сям’і.

— Гэта таксама было важна — што пра мужа, пра нас не забываюць. Шмат людзей дапамагалі і словам, і справай. На любым этапе — нават падвесці-прывезці. Салідарнасць у краіне працягвае жыць — вельмі ціхенька, але працягвае. Ведаеце, у Сяргея Грахоўскага ёсць файны верш «Уратаванне»:

Уратавальны круг лаві

І сам плывы, плыві, плыві.

Мне дапамагалі гэтыя словы, бо трэба самому прыкладаць сілы, каб выжыць, але і вучыцца прымаць дапамогу ад іншых. Адразу я аднеквалася, казала, што ўсё сама. А потым пачала прымаць дапамогу, наладжвала сувязь з людзьмі.

Таксама вельмі дапамагалі спатканні з мужам у калоніі, хоць яны і былі рэдкімі. З аднаго боку, гэта было вельмі балюча, бо ведаеш, што хутка час побач скончыцца, з другога — гэта вельмі шчаслівыя і чаканыя моманты: пабачыць адно аднога, правесці час разам з сынам.

— Як, дарэчы, сын перанёс зняволенне Дзмітрыя?

— Першы час яму было вельмі складана. У нашай сям'і і мама, і тата — паўнавартасныя бацькі. Муж шмат часу ўдзяляў сыну — займаўся з ім, гуляў. Таму і для сына, і для мужа расстанне было складаным выпрабаваннем.

Я была вельмі шчырая з сынам: ён ведаў, што адбываецца, што тата не знік сам па сабе. Для мяне было важна, каб ён разумеў, што тата невінаваты і яго няма побач не па ягонай волі. Да таго ж, ён сам усім цікавіўся з 2020 года, хоць і быў яшчэ маленькі. Слухаў нашы размовы.

Ведаю, што некаторыя мамы не расказваюць дзецям, што з татам. Некаторыя і на працы не расказваюць, бо могуць быць наступствы. І гэта іх выбар, бо сітуацыя складаная і балючая, асабліва калі фінансавая адказнасць цяпер толькі на маці. Я працавала сама на сябе, таму ў гэтым плане была поўная свабода, і ніякіх сакрэтаў ад сына не было.

Мы дамовіліся, што ў школе ён не будзе распаўсюджвацца пра нашу гісторыю. Але часам ён мог засумаваць перад сном, сесці на ложак і сказаць: «Вось у мяне таты няма». Я кажу: «Сынулька, ну як жа няма? Ён у цябе ёсць, ён цябе любіць, ты ж з ім камунікуеш, лістуешся, часам можаш паразмаўляць па тэлефоне» (кажа са слязамі на вачах — С.). Яму трэба было адсумаваць, што таты няма побач.

Добрая знаёмая дала параду, што я таксама мушу з ім сумаваць. Не паказваць «ой, усё добра, мы гэта адолеем». Зразумела, што нам давядзецца гэта адолець. Але трэба было сесці побач і сказаць: «Я таксама вельмі сумую, мне таксама вельмі балюча, табе не хапае таты, а мне — мужа. Давай разам пасумуем, паплачам, калі хочацца. Ты раскажаш, што распавядзеш, калі ён вернецца, якую цацку пакажаш». Пражываць гэтыя эмоцыі — вось што дапамагала.

Калі Дзіму перавялі ў калонію і была магчымасць тэлефанаваць па графіку, то заўсёды старалася, каб і я, і сын былі дома падчас званкоў.

З лістамі... Дзеці не заўжды могуць пастаянна пісаць лісты. І не трэба гэтага ад іх чакаць. Бывае, нагадаеш, што можна напісаць тату — ён садзіцца, піша, малюе штосьці. Магчымасці захаваць паміж імі сувязь былі. І муж у гэтым плане вельмі стараўся: імкнуўся намаляваць штосьці, прыслаць паштоўку — гэта было сапраўды важна.

«Сілавікі спыталі, ці магу я хоць дзень пажыць без Instagram?»

— Вы разам з мужам знаходзіліся ў Беларусі, калі пачалася паўнамаштабная вайна ва Украіне. Што вы адчувалі 24 лютага 2022-га?

— Гэта быў поўны шок. Памятаю, прачнулася рана, адкрыла навіны, разбудзіла мужа. Потым, мне падаецца, мы амаль тыдзень не спалі — праз эмоцыі было складана і спаць, і нармальна есці. Усе абмяркоўвалі толькі гэта. Хацелася крычаць на ўвесь свет праз бязвыхаднасць.

Было крыўдна і балюча, што мая краіна ўцягнутая ў вайну, ды яшчэ на баку агрэсара. Вельмі балела сэрца за ўкраінскі народ. Хацелася даказаць усяму свету, што мы гэта не падтрымліваем, што мы супраць. У выніку праз пэўны час мой муж быў затрыманы ў тым ліку і праз падтрымку Украіны.

Таксама было вялікае пачуццё віны. Я доўгі час працавала, каб ад яго пазбавіцца, бо зразумела, што рабіла ўсё, што магла. Але вышэй галавы не скокнеш, я не магу прыпыніць вайну сваімі рукамі.

І калі да пачатку вайны я вяла сацсеткі на дзвюх мовах, то з таго моманту перайшла цалкам на беларускую. Гаварыла публічна. Але калі мужа затрымалі, яму на сутках сказалі, што, калі я не прыпынюся гаварыць, то мяне чакае «зразумелы» лёс, а сына — дзіцячы дом.

Ён дужа хваляваўся праз гэта. А мне давялося ўсё ж наступіць сабе на горла — я мусіла заставацца побач з сынам. Гэта было няпроста. Тут мяне выратавала беларуская мова. Вырашыла, што блог па-беларуску на любую тэму будзе маім голасам.

— Ці звярталі на беларускамоўных дадатковую ўвагу? Асабліва пасля пачатку вайны.

— Тое, як ставяцца да беларускай мовы, — гэта поўны рандом. Часам нашыя страхі больш вялікія за рэальнасць, а часам яны апраўдваюцца. Мы ведаем гісторыі, дзе беларуская мова трыгерыла, і праз яе больш звярталі увагу на чалавека.

Многае таксама залежыць ад мяжы самацэнзуры, якую чалавек сабе ўсталяваў: для кагосьці весці блог па-беларуску ўжо небяспечна. Мяне часам пыталі: а ты не баішся пісаць па-беларуску? Да не, кажу, я ж не пішу на вострыя палітычныя тэмы, у мяне лайтовыя.

Пыталі таксама, ці не баюся фатаграфавацца ў традыцыйных строях. Але яны ж вісяць у дзяржаўных музеях, гэта наша спадчына. Пры гэтым разумею, што для кагосьці гэта можа быць «сцяжком».

Аднойчы мне напісалі, што калі я вяду блог па-беларуску і фатаграфуюся ў беларускіх строях, а мяне не затрымліваюць — значыць, тут штосьці не так. Як мне было крыўдна. Падумала, чаму чалавек, наадварот, не радуецца, што беларушчына працягвае жыць, а ў мяне ёсць магчымасць гэта паказваць?

За беларускую мову мне не «прылятала». А прылятала праз тое, што не маўчала. Калі нас затрымалі, сілавікі спыталі, ці магу я хоць дзень пажыць без Instagram? Таму што я там пра ўсё пішу і выказваю сваё меркаванне.

Затрыманне паўплывала на маё карыстанне беларускай — да яго я на 95% размаўляла па-беларуску — у крамах, таксі. Пасля здарыўся адкат. З чужымі людзьмі пачала размаўляць па-руску, бо не было эмацыйных рэсурсаў. 

Беларуская мова — гэта штодзённы выбар. Прачынаешся і кажаш: я размаўляю па-беларуску. З аднаго боку, гэта натуральна, бо гэта нашая мова. Але з іншага, ва ўмовах русіфікацыі, у якіх мы жывем, гэта выклік самому сабе.

Бывае, сядзішся ў таксоўку, размаўляеш на беларускай — хтосьці з таксоўцаў прамаўчыць, хтосьці скажа накшталт: «Як прыкольна, нядаўна таксама ехаў хлопец і размаўляў на беларускай». А бывае, чалавек пытае, чаму на беларускай, пачынае распавядаць пра сваю настаўніцу беларускай мовы.

Я проста хацела даехаць з пункта А ў пункт Б — без гісторый пра настаўніц і стаўлення чалавека да беларускай мовы. Калі толькі пачынаеш, табе цікава, што думаюць людзі, а потым, калі ўжо столькі чуў гэтых гісторый, хочацца проста ціха даехаць. Таму калі не было эмацыйных рэсурсаў, прасцей было сесці і сказаць пару словаў на расейскай. Я вельмі захапляюся людзьмі, якія размаўляюць на беларускай у любых выпадках — гэта нейкія беларускія волаты. У мяне так не атрымлівалася.

Таксама вялікім болем было разуменне, што новае пакаленне зусім не ведае роднай мовы. Дзеці ўжо не чуюць беларускую мову ад бабуль і дзядуль, бо большасць з іх — расейскамоўныя.

Застаецца толькі адзін варыянт — размаўляць з дзіцём па-беларуску. Я пачала, калі сыну было пяць гадоў. Шкадавала, што не раней, але ў школу ён пайшоў ужо падрыхтаваны — добра разумеў і размаўляў на трасянцы.

Цяпер, калі яму ўжо дзесяць, ён не можа размаўляць літаратурнай мовай, бо чуе беларускую ў большасці толькі дома. У Беларусі намагалася вадзіць яго на беларускамоўныя мерапрыемствы, экскурсіі, але калі асяроддзе ў школе расейскамоўнае, гэта дужа ўплывае.

Атрымалася, што сын лепей за ўсіх ведаў у класе беларускую мову. Улічваючы, што ён сам размаўляе на трасянцы. І гэта балюча, што такі ўзровень лічыўся файным, а аднакласнікі ў яго пыталі пераклад словаў.

І калі мы зараз бачым у Threads, як бацькі выкладаюць верш другога класа і скардзяцца, што самі не могуць яго вывучыць, то гэта, канешне, і адказнасць бацькоў, але і наступствы татальнай русіфікацыі. Цяпер беларускую мову можна пачуць толькі ў метро, аўтобусах, магчыма, у нейкіх кавярнях. У астатнім бацькам трэба самім прыкладаць намаганні, каб дзіця ведала беларускую мову.

— У допісе, дзе вы расказалі, што вам давядося з'ехаць з Беларусі, вы паднялі тэму прорвы паміж тымі, хто застаўся ў Беларусі і тымі, хто жыве ў вымушанай эміграціі. Вы апісалі, як балюча было чытаць выказванні, што Беларусь нібыта памерла. І запэўнівалі, што яна жыве — проста цяпер у адных ёсць магчымасць гаварыць, а ў іншых — не.

Распавядзіце, як для вас гэта выглядала. І якая атмасфера была ў грамадстве, калі вы яшчэ былі ў краіне?

— Калі знаходзішся ў Беларусі, публічна не можаш адказаць людзям, у якіх ёсць такая магчымасць. Я актыўна сачыла за навінамі, за YouTube-праграмамі. Вядома, не ўсе, але часам былі людзі, якія казалі: «Што вы там сядзіце, плаціце падаткі, працягваеце абслугоўваць гэты рэжым».

Людзі, якія з'ехалі, здавалася, мусілі б быць нашым голасам — тых, у каго яго пакуль няма. Але яны часам чамусьці пачыналі на нас ціснуць, калі  і без таго ціснуць рэпрэсіі.

Аднойчы мне нават напісалі: маўляў, чаму ў смяюся ў Instagram, калі іншы чалавек не можа прыехаць да сваякоў у Беларусь. Я так здзівілася. Адказала, што мой муж таксама не можа прыехаць да сваіх родных, але я магу пасмяяцца, бо працягваю жыць. Гэта не значыць, што мне не балюча, што мяне не хвалюе лёс сённяшняй Беларусі.

Але хачу адзначыць, што большасць людзей падтрымлівалі мяне, дзякавалі за тое, што паказваю: не ўсё яшчэ згублена, у Беларусі ёсць людзі, якія лічаць сябе беларусамі і беларускамі, прасоўваюць беларушчыну.

Думаю, нам важна заставацца людзьмі, не абясцэньваць праблемы адно аднаго, не размаўляць прэтэнзіямі. У Беларусі ёсць апоры —  родная зямля, бацькоўскі дом. Але гэтае жыццё пад ціскам рэпрэсій і пастаяннай самацэнзуры, ад якой я дагэтуль не магу размарозіцца.

Людзі навучыліся часова «выключацца» з гэтага, цешыцца жыццю і простым рэчам, каб не паехаць з глузду.

У эміграцыі ёсць свабода, але рэпрэсіі дацягваюцца ўсё адно, праз сяброў, блізкіх, знаёмых — і ты не да канца вольны. Тут няма бацькоўскага дома, і часам я бачу самотных людзей, бачу, як шмат трэба працаваць, каб забяспечыць сябе нармальным жытлом. Трэба вельмі пастарацца, каб знайсці сваё месца пад сонцам.

Нам важна слухаць адзін аднаго і падтрымліваць, не вучыць як жыць ці ўказваць, а проста паставіцца да розных боляў з разуменнем і павагай.

«Гэтыя шчырыя людзі — нябачныя маленькія героі маёй краіны»

— Калі разважаць пра атмасферу ў грамадстве, тут мне цяжка казаць, бо я наўмысна, каб пражыць няпросты перыяд, пабудавала камфортнае асяроддзе, і была ў такой своеасаблівай бурбалцы. Старалася з яе не вылазіць, па магчымасці не кантактаваць з дзяржаўнымі органамі.

Я бачыла, што людзей, якія, напрыклад, пішуць па-беларуску, станавілася больш. Яны паміж сабой знаёміліся, і гэта была магчымасць дадатковай падтрымкі, камунікацыі паміж тымі, хто на адной хвалі, хто цікавіцца беларушчынай.

Людзі па ўласным жаданні аб'ядноўваюцца, кудысці ходзяць альбо нават штосьці ладзяць. Пра гэта асабліва не пачытаеш у сацсетках, але гэта сапраўды ёсць. Таму крыўдна чуць, што той Беларусі няма, таго Мінску няма. Ну, можа, канкрэтна такога, якім ён быў, калі чалавек з’язджаў, і няма. Але любы горад будзе мяняцца — у лепшы ці горшы бок.

Людзі працягваюць нешта рабіць, часам гэта атрымліваецца, часам — не. Бывала, напрыклад, куплю квіткі на нейкае мерапрыемства, а потым яго адмяняюць. Або была выстава аднаго пісьменніка, на якую я хацела схадзіць, але не паспела — вельмі хутка зачынілася. Аднак у большасці выпадкаў я паспявала, многае бачыла. Нават у дзяржаўных музеях можна было пачуць якасную лекцыю пра пісьменнікаў і беларускую мову на добрым узроўні.

У маім асяроддзі былі людзі, якія рабілі перапынкі ад навін, бо гэта моцна ўплывала на іх эмацыйны стан. Але гэта не значыць, што чалавек выключаецца з павесткі. У такім асяроддзі гучныя навіны ўсё роўна далятаюць. Проста часам трэба даваць сябе вольнае паветра. Бо немагчыма заўсёды сядзець ля дзвярэй і дрыжэць, што хтосьці прыйдзе.

Сябры ў эміграцыі часам запытваліся, ці не адчувала я сябе ў Беларусі «ворагам» або не сабой. Не. У сваёй бурбалцы я, наадварот, адчувала сябе на сваім месцы. Так, калі ты з яе выходзіш і ідзеш па нейкую паперку, то ўжо будзеш выказвацца вельмі акуратна і, магчыма, пяройдзеш на расейскую мову, каб не прыцягваць увагу. Нават не таму, што баішся, а таму, што няма ўнутраных рэсурсаў вытрымаць рэакцыю чалавека, яго здзіўленне.

Вы сказалі, што падарожжы па Беларусі сталі для вас новай апорай. Якія месцы больш за ўсё спадабаліся? Якая атмасфера ў рэгіёнах? Магчыма, давадзілася размаўляць з мясцовымі...

— Не буду называць канкрэтныя месцы. Я сапраўды шмат дзе пабывала: і ў вёсачках, і ў маленькіх гарадках, і ў мясцовых музеях. Часцей за ўсё там жывуць і працуюць людзі, якія вельмі любяць сваю справу. Магчыма, на гэты музей без слёз не паглядзіш, а экспазіцыя там не абнаўлялася ўжо дзесяць гадоў, але там будзе чалавек, які ведае столькі ўсяго пра свой горад, пра канкрэтнага пісьменніка.

Гэтыя шчырыя людзі — нябачныя маленькія героі маёй краіны. Дзякуючы ім працягвае жыць Беларусь. Яны застаюцца на сваім месцы і перадаюць гісторыю горада наступнаму пакаленню.

Атмасфера ў такіх месцах ўражвала, асабліва калі гэта была ранняя вясна альбо ранняе лета. Прыязджаеце, а вас сустракае чалавек, які ўжо 20 гадоў водзіць экскурсіі па гэтай вёсцы. Ён ведае, колькі мясцоваму дубу, валуну, ведае ўсё пра мясцовы касцёл.

У такія моманты разумееш, што дакранаешся да сапраўднай гісторыі Беларусі. І гэта мяне ратавала. Як і беларуская прырода. Нават калі на цябе ціснуць рэпрэсіі, ты ўсведамляеш, які цяжкі перыяд, колькі паламаных лёсаў, разбураных сямей, то ўсё роўна разумееш, што знаходзішся на сваёй зямлі, і адчуваеш у гэтым апору — гэта мой дом, я тут нарадзілася.

Вельмі радая, што атрымалася пабачыць Блакітныя азёры, Ельню. Шкадую, што не пабачыла балоты Палесся, хаця сама адтуль. Я вельмі шмат сплаўлялася на байдарках па беларускіх рэчках, у кожнай з якой свая плынь, свая атмасфера.

«Як ад мяне тры з паловай гады таму адарвалі блізкага чалавека, так цяпер ад мяне адарвалі родную зямлю»

— Вы разумелі, што пасля вызвалення мужа давядзецца з'ехаць з Беларусі?

— Было гэтае разуменне. Сітуацыя ў краіне не мянялася, рабілася нават горшай. Рэпрэсіі — больш адчувальнымі. Я глядзела на досвед палітзняволеных, якія выходзілі — адзінкі знаходзілі сабе сапраўды камфортнае месца, у якім не трэба змяняць сябе, каб можна было працягваць жыць, няхай спакойна і непублічна, але з захаваннем чалавечай годнасці.

Большасці было цяжка знайсці сябе, добра ўладкавацца. Псіхалагічна вельмі цяжка, калі цябе правяраюць. Ты ўжо адбыў тэрмін, хаця быў невінаваты, але ўсё адно трэба хадзіць на нейкія лекцыі, пужацца, калі хтосьці грукае ў дзверы.

Пасля таго, як ты ўжо перажыў зняволенне, гэта яшчэ больш балюча. Тут, напэўна, няма правільнага выбару — застацца або з’ехаць. І няма рашэння, ад якога ты выйграў: паўсюль свой боль. У Беларусі няпроста жыць, у эміграцыі — таксама.

— Як выглядала ваша сустрэча з Дзмірыем, калі ён вызваліўся? Чым займаліся першыя дні?

— Гэта быў дужа шчаслівы момант, якога мы вельмі доўга чакалі. Нават не верылася, што гэта адбываецца. Вядома, першы час прысвяцілі адзін аднаму, сям'і. Ездзілі на маю радзіму, на радзіму мужа. Але вісела адчуванне, што трэба з'язджаць, таму цалкам не атрымалася насалоджвацца гэтым момантам. Разумелі, што наперадзе новае выпрабаванне.

— Ці развітваліся вы з Беларуссю? Памятаю, вы пісалі пра апошнюю паездку на Вілію...

Так, Вілія — першая рака, на якой у мяне быў сплаў на байдарках. Рака, з якой пачаліся падарожжы. І вось быў момант, калі я зразумела: гэта мая апошняя вандроўка перад ад'ездам.

Памятаю, адарвалася ад сваёй групкі, якая слухала экскурсію, адышла да ракі. Засняла момант, як з ёй развітваюся. Ой, ажно плакаць захацелася. Стаяла, глядзела на ваду і жадала сабе аднойчы туды вярнуцца. (Плача).

Я ніколі не ўяўляла, што буду жыць у іншай краіне. Пакуль чакала мужа, шмат вандравала і яшчэ больш палюбіла свой дом, яшчэ больш прывязалася. І як ад мяне тры з паловай гады таму адарвалі блізкага чалавека, і трэба было вучыцца жыць без яго, так цяпер ад мяне адарвалі родную зямлю, да якой так моцна прывязалася. Але я б нічога не змяніла. Магчыма, яшчэ больш вандравала б.

Трэба было пражыць дзіцячую крыўду, што не можа быць усё так, як я хачу. Каб побач была і сям'я, і родная зямля. Трэба было прыняць, што ад мяне зноў штосьці адрываюць.

«Быццам бы і ўсё добра: мы разам, неяк уладкаваліся, дзіця ходзіць у школу, але ўсё роўна вочы на мокрым месцы»

Усё сваё жыццё сям’я сабрала ў тры валізкі. Сярод неабходных рэчаў — беларускія саламяныя вырабы, магніты з беларускіх музеяў, упрыгожванні і беларуская літаратура.

— Мы моцна спяшаліся, бо з'язджалі напачатку верасня. Трэба было знайсці кватэру, аформіць дакументы, каб уладкаваць дзіця ў школу. Потым ўжо прыйшло асэнсаванне: усё, мы з'ехалі. Былі перыяды, калі я тры дні бясконца плакала з адчуваннем, што хачу дадому.

Быццам бы і ўсё добра: мы разам, неяк уладкаваліся, дзіця ходзіць у школу, але ўсё роўна вочы на мокрым месцы. Але потым патрошку  адаптаваліся, у тым ліку дзякуючы беларусам і беларускам, якія тут дапамагалі.

— Як вы ўладкаваліся ў Польшчы?

— Яшчэ ў Беларусі я атрымала новую спецыяльнасць — фітнес-трэнер. Цяпер пачала праводзіць анлайн-заняткі, чаму вельмі радая. Спорт, дарэчы, таксама выратоўвае. Дае адчуванне, што ты моцная, што ёсць апора ў целе.

Таксама ў мяне з'явілася ідэя свайго забаўляльнага праекта на YouTube, для рэалізацыі якога я актыўна шукаю спонсарскую падтрымку. А муж яшчэ не вызначыўся з прафесіяй і адкрыты для прапаноў у самых розных сферах — не толькі ў СМІ.

— Ці плануеце вярнуцца ў Беларусь, калі гэта будзе магчыма? Якой бачыце нашу краіну у будучыні?

— Столькі было надзей, што цяпер стараюся не думаць пра тое, як будзе, ні на што не спадзявацца. Я хацела б вярнуцца ў Беларусь. Каб гэта была бяспечная краіна, у якой можна будзе рэалізоўваць свае мары і праекты без ціску — каб пэўныя людзі не чапляліся і не ўлазілі ў твае справы.

Каб была свабода, вольнае паветра, каб нараджаўся крэатыў. Бо пад ціскам яму складана нараджацца.

Хочацца, каб у маленькіх гарадках і вёсках была будучыня, каб у людзей там былі добрыя ўмовы для жыцця і матывацыя развівацца. Каб гэта было не толькі за кошт уласнага жадання, а падтрымлівалася, у тым ліку фінансава.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(16)