Цыганкоў: «Калі людзі становяцца ўсё менш інтэлектуальнымі, яны будуць усё больш залежыць ад дзяржавы»

Аналітык — пра тое, куды ідзе свет з разьвіцьцём штучнага інтэлекту.

— А давайце пагаворым пра будучыню чалавецтва, — піша Віталь Цыганкоў.

Калі ўлічыць, што:

  • За апошнія 20-25 гадоў — упершыню ў стогадовай гісторыі існаваньня тэстаў вымярэньня інтэлекта (IQ) — даследчыкі назіраюць дакладную і пацьверджаную тэндэнцыю. IQ зьніжаецца. За апошнія 25 гадоў сярэднестатыстычны ўзровень Айкью — прынамсі, у заходнім сьвеце — істотна зьменшыўся, на 7-10 пунктаў.
  • Назіраецца адназначная тэндэнцыя зьніжэньня ўзроўню падрыхтоўкі вучняў у школах. Адзін і той жа іспыт (у ЗША гэта SAT), дзе тыя ж самыя аднолькавыя заданьні не мяняліся гадамі, школьнікі здаюць з кожным годам усё горш. 2018 год — 1068 пунктаў, 2024 — 1024. Гэта непасрэдна не зьвязана з інтэлектам, гэта кажа найперш пра адсутнасьць стараньня, матывацыі і жаданьня вучыцца.
  • Пашыраецца такая зьява, як дыферэнцыяльная нараджальнасць (differential fertility). Груба кажучы, статыстычна — больш высокаінтэлектуальныя і адукаваныя людзі нараджаюць менш дзяцей. Гэта назіраецца як унутры краінаў, так і ў міжнародным маштабе. Рэгіёны з самым высокім ІQ — Усходняя Азія, Еўропа і Паўночная Амерыка — на сёньня маюць самую малую ў сьвеце нараджальнасьць.
  • У разьвітым сьвеце нарастае вузкая спецыялізацыя, людзі паглыбляюцца ў сваю прафесію, для якой нярэдка трэба доўга вучыцца і ўдасканальвацца ўвесь час. На іншае не хапае часу, і жаданьня. «Усебакова разьвіты чалавек» — гэты ідэал ХХ стагодзьдзя – цяпер у масавых маштабах не патрэбны. Ды і немагчымы.
Віталь Цыганкоў
  • Многія людзі развучыліся рабіць найпрасьцейшыя побытавыя рэчы. Атрафіруюцца некаторыя навыкі — напрыклад, падлічваць у розуме двухзначныя лічбы, запамінаць нумары тэлефонаў ці арыентавацца ў горадзе без навігатара. Ну навошта, калі ўсё гэта за цябе робіць альбо тэхніка альбо спецыяльна навучаныя людзі. Хутка і вучыць іншыя мовы ня будзе неабходнасьці — усё робіць аўтаматычны перакладчык.

Разьвіцьцё штучнага інтэлекту стварае перспектыву масавага атрафіраваньня, магчыма, самай важнай здольнасьці — самастойна думаць, разважаць, аналізаваць інфармацыю і прымаць рашэньні.

Улічваючы ўсё гэта… то што? Ок, рызыкну, паспрабую паразважаць, што ўсё гэта можа азначаць.

Па-першае, «Парыж — горад кантрастаў». Будзе пашырацца і інтэлектуальная, і фінансавая прорва паміж 10-15 працэнтамі больш пасьпяховых, адукаваных, здольных, багатых, — і астатнімі. Тое, што мы ўжо назіраем апошнія дзесяцігоддзі – вымываньне сярэдняга класа.

Тыя дзяржавы, якія будуць гэтаму супраціўляцца і спрабаваць выраўняць узровень даходаў — проста прынясуць у ахвяру эфэктыўнасьць сваёй эканомікі, грошы будуць з гэтых краінаў уцякаць. Бо тут (практыка – крытэрый ісьціны) — вы змагаецеся за роўнасьць альбо за рост.

Дарэчы, калі паспрабаваць знайсці штосьці пазітыўнае ў гэтых тэндэнцыях — інтэлект (у самых розных ягоных праявах) як зьява больш рэдкая будзе больш цаніцца і аплочвацца. Прынамсі, хочацца ў гэта верыць.

Ці выпадкова, што зьніжэньне ўзроўню інтэлекту, як і зьніжэньне ўзроўню свабоды і дэмакратыі фіксуецца ва ўсім сьвеце з канца 1990-х, з пачаткам масавай кампутарнай эры, зьяўленьнем Інтэрнэту? Не думаю.

Зьяўленьне кампутараў, гаджэтаў, штучнага інтэлекту, як выглядае, вядзе да масавага зьніжэньня чалавечага інтэлекту (проста таму, што няма ў ім такой неабходнасьці). Людзі перастаюць думаць, за іх думаюць машыны. Кліпавае мысленьне ў сацыяльных сетках не спрыяе доўгім і глыбокім развагам і аналізу.

Усё — ад сацсетак да сучасных СМІ, і нават палітыкі — працуе на эмоцыю, на «Сістэму 1», як яе назваў Нобелеўскі лаўрэат Канеман у сваёй кнізе «Thinking, Fast and Slow».

Калі людзі статыстычна становяцца ўсё менш інтэлектуальнымі і ў пэўным сэнсе бездапаможнымі, то яны будуць усё менш самастойнымі, усё больш залежыць ад дзяржавы, ад бюракратыі, якая ва ўсім сьвеце разрастаецца, ад «начальства» ў шырокім сэнсе.

Ды і справа не толькі ў інтэлекце, а ў тым, што аб'ектыўна з развіцьцём інфармацыйных тэхналогій адбываецца канцэнтрацыя грошай, інфармацыі і — у выніку — улады. Нават не ад «злога ўмысла» — проста немагчыма, напрыклад, запрашаць да распрацоўкі і кіраваньня штучным інтэлектам шырокія народныя масы.

Так чалавецтва жыло ўсю сваю гісторыю — усё вырашалі вярхі, астатняя маса проста выжывала і мала на што прэтэндавала. Усё гэта актыўна змянялася ў другой палове ХХ стагоддзя (1950-80-я), калі тэхнічны працэс, адукацыя, дэмакратыя паднялі матэрыяльны і інтэлектуальны ўзровень большасці.

Працэс яўна спыніўся і пайшоў назад, але ўжо на новым тэхналагічным падмурку. Чалавецтва, магчыма, зноў вяртаецца да ранейшай звыклай «нормы».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(3)