Политика

Карбалевіч: Ядзерныя вучэньні толькі пацьвердзілі сумнеўнасьць сувэрэнітэту Беларусі

Гісторыя зь беларуска-расейскімі ядзернымі вучэньнямі ля Асіповічаў паказвае, што Масква проста выкарыстоўвае саюзьніка, піша палітычны аналітык Валер Карбалевіч на Радыё Свабода. Беларусь тут выглядае як пасіўны аб’ект.

Лукашэнка апынуўся ў ролі кіраўніка, які не кантралюе працэсы на тэрыторыі краіны. Таму спрабуе апраўдацца.

Валер Карбалевіч

Мілітарысцкія гульні Расеі

Ужо прыкладна месяц прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і іншыя ўкраінскія афіцыйныя асобы амаль кожны дзень кажуць, нібыта Расея ўцягвае Беларусь у вайну, што рыхтуецца напад зь беларускай тэрыторыі. Нейкіх відавочных фактаў у пацьвярджэньні гэтых заяваў не прыводзілася — адно спасылкі на дадзеныя выведкі. Беларускі бок неяк дзіўна маўчаў, ніяк не рэагаваў на згаданыя закіды.

І тут раптам здарыліся сумесныя беларуска-расейскія вучэньні па сымуляцыі прымяненьня ядзернай зброі. Ці то гэта выпадкова супала, ці то было зроблена адмыслова, але самы факт цалкам укладаецца ва ўкраінскую вэрсію: Расея ўцягвае Беларусь у ваенную канфрантацыю з Украінай і Захадам. Вучэньні фактычна пацьвердзілі перасьцярогі і закіды Кіеву на адрас Менску і Масквы.

У гэтых мілітарысцкіх гульнях ёсьць некалькі момантаў, на якія варта зьвярнуць увагу.

У афіцыйных паведамленьнях сьцьвярджаецца, што цяперашнія вучэньні плянавыя. Аднак гэта не зусім так. У Расеі падобнага кшталту вучэньні звычайна праводзяць у кастрычніку. Яны называюцца «Гром» і праходзяць без удзелу Беларусі.

Перамовы Ўладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам падчас вучэньняў. 21 траўня 2026 году

Інфармацыя ж пра пазаплянавыя вучэньні выклікае ў суседзяў трывогу, бо ўсе памятаюць, што падобныя сумесныя беларуска-расейскія вучэньні на тэрыторыі Беларусі ў лютым 2022 году закончыліся нападам Расеі на Ўкраіну.

Навошта Расеі спатрэбіліся гэтыя пазаплянавыя мілітарысцкія гульні? Выглядае, дэманстрацыя сілы патрэбная Маскве цяпер невыпадкова. Апошнім часам зьявілася шмат высноваў, што ў расейска-ўкраінскай вайне адбываецца пералом, у Расеі заўважныя прыкметы зьнясіленьня, запушчаныя ўкраінцамі дроны лётаюць па ўсёй эўрапейскай частцы РФ і інш. Таму Крэмль імкнецца памахаць ядзернай дубінкай, кампэнсаваць, перабіць такія настроі.

Ці зьявілася ў Беларусі ядзерная зброя?

19 траўня Расея абвясьціла, што там пачаліся маштабныя вучэньні стратэгічных ядзерных сіл з выкарыстаньнем усёй ядзернай трыяды: міжкантынэнтальных балістычных ракет, атамных падлодак і стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў.

Але справа ў тым, што ў Беларусі няма стратэгічнай ядзернай зброі. Афіцыйна аб’яўлялася, што тут разьмешчаныя толькі тактычныя ядзерныя боезарады. То бок Беларусь да гэтых вучэньняў прывязалі штучна.

Расея выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю, каб пужаць Захад у сваіх карысьлівых мэтах. Менавіта пра гэта кажа Кіеў.

Яшчэ адзін цікавы штрых. Міністэрства абароны Расеі апублікавала паведамленьне пра дастаўку ядзерных боезарадаў у Беларусь у рамках вучэньняў. Заўважце, інфармацыю пра гэта падало не Мінабароны Беларусі, а менавіта расейскае ваеннае ведамства.

То бок выглядае, што Расея праводзіць свае вучэньні з сваімі ядзернымі боепрыпасамі на тэрыторыі Беларусі. Масква проста выкарыстоўвае саюзьніка. Беларусь тут выглядае як пасіўны аб’ект.

Таксама з гэтага паведамленьня вынікае, што дасюль ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі не было. Бо калі б яна тут была, то навошта боезарады завозіць з Расеі?

А Аляксандр Лукашэнка ж з 2023 году запэўніваў усіх, што Беларусь атрымала ядзерную зброю. Маўляў, цяпер ягоная краіна — ядзерная дзяржава, у яго ёсьць чырвоная кнопка, якую ён можа націснуць у любы момант, і ўсім ворагам варта баяцца.

Дык толькі цяпер рэальна Беларусь стала ядзернай дзяржавай? Ці як Расея завезла гэтыя баезарады, так і вывезе назад пасьля вучэньняў? Ды і ці завезла яна іх насамрэч? Пакуль гэтыя пытаньні адкрытыя, дакладнага адказу на іх няма. Бо, як мы бачым, і Менск, і Масква ў гэтай тэме актыўна выкарыстоўваюць тактыку блефу.

Лукашэнка вымушаны апраўдвацца

Можна меркаваць, што ўсе гэтыя інфармацыйныя плыні вакол вучэньняў моцна напружвалі Лукашэнку. Бо выстаўлялі яго ў выглядзе кіраўніка, які не кантралюе працэсы на тэрыторыі Беларусі. Яго выкарыстоўваюць вонкавыя сілы ў сваіх інтарэсах. І з гэтым трэба было нешта рабіць.

Таму, імаверна, каб зьмякчыць гэтае непрыемнае ўражаньне, Лукашэнка 21 траўня прыехаў у ракетную брыгаду ў Асіповічах дзеля дэманстрацыі таго, што ён таксама мае дачыненьне да гэтых вучэньняў. У сваіх заявах на палігоне ён рабіў акцэнт на тое, што вось, маўляў, мы з Пуціным тут разам памахаем ядзернай дубінай Захаду.

У гэтым і сэнс ягоных заяваў наконт Украіны. Лукашэнка імкнуўся апраўдацца, абвергнуць украінскую вэрсію пра тое, што Расея ўцягвае Беларусь у вайну супраць паўднёвага суседа.

— З нашага боку вы можаце быць жалезабетонна ўпэўненыя, што ўцягвацца ў вайну з Украінай мы не зьбіраемся, мы ня маем намеру, — заявіў ён. І прапанаваў перамовы — у Беларусі ці нават ва Ўкраіне.

Але ці пераканаў Лукашэнка Зяленскага? Зусім не. Бо гэтыя ядзерныя вучэньні толькі пацьвердзілі сумнеўнасьць беларускага сувэрэнітэту.

21 траўня ў Славуцічы, наведваючы Кіеўскую і Чарнігаўскую вобласьці, якія мяжуюць з Беларусьсю, Зяленскі выступіў з беспрэцэдэнтнай заявай.

— У нас ёсьць магчымасьці ўзмацненьня, ёсьць магчымасьць прэвэнтыўна працаваць і ў адносінах да расейскіх тэрыторый, адкуль можа быць пагроза, і ў дачыненьні да фактычнага кіраўніцтва Беларусі, якое павінна быць у тонусе, гэта значыць, адчуваць рэальна, што наступствы будуць, калі будуць агрэсіўныя дзеяньні супраць Украіны, супраць нашых людзей, — сказаў Зяленскі.

«Прэвэнтыўна працаваць… у дачыненьні да фактычнага кіраўніцтва Беларусі» — гэта імаверны намёк на лёс кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура.

22 траўня міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга адрынуў магчымасьць перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам, якога Кіеў лічыць саўдзельнікам злачынства супраць украінскага народа і патрабуе пакараньня. І абвесьціў, што бліжэйшым часам там чакаюць візыту Сьвятланы Ціханоўскай, «каб нам было з кім пагаварыць па ўсіх пытаньнях, якія тычацца Беларусі».

Гэта нават больш радыкальная пазыцыя, чым ва ўрадаў эўрапейскіх краін. Бо ў сталіцах дзяржаў ЭЗ Ціханоўскую прымаюць як прадстаўніка беларускіх дэмакратычных сілаў. А Кіеў разглядае Сьвятлану як палітыка, які прадстаўляе народ Беларусі.

Заявы Кіеву ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі становяцца ўсё больш жорсткімі. Украіна цяпер дзейнічае з пазыцыі сілы, таму не зьбіраецца цырымоніцца з рэжымам, які яна лічыць слабым зьвяном у варожым хаўрусе. Ва ўсялякім разе на ўзроўні рыторыкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)