Филин

Наталля Север

Ластоўскі: «Беларуская мова выглядае як нейкая крутая фішка для моладзевай культуры.

Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі ў інтэрв’ю Филину — пра рэпрэсіі да ўсяго, звязанага з беларушчынай.

Закрыццё бізнесаў, якія стваралі беларускае адзенне і вырабы з нацыянальнай адметнасцю, пераслед беларускага касцёлу, забарона імпрэзаў з нацыянальным каларытам — усе гэтыя з’явы не новыя.

Але, здаецца, што апошнім часам на ўсё, што мае дачыненне да беларушчыны, абрынуліся з новай сілай. Ці гэта трагічны след 2020 года ці канчатковая мэта ўплыву русіфікацыі — «Филин» пагаварыў пра гэта з акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксеем Ластоўскім.

— Адначасовае закрыццё трох знакавых прадпрыемстваў, якія працавалі ў адной нішы стварэння рэчаў, звязаных з нацыянальнай сімволікай, не можа быць простым супадзеннем. Відавочна, што гэта нейкая кансалідаваная кампанія, — кажа Аляксей Ластоўскі. — Але я б адзначыў некалькі нюансаў.

Аляксей Ластоўскі

Звонку ўсе гэтыя крамы могуць успрымацца як нешта агульнае, але ўсё ж яны рознага кшталту. Ragna існавала значна раней і была ў большай ступені арыентаваная на этнічную культуру. З гэтай крамай супрацоўнічалі сапраўдныя даследчыкі традыцыйнай культуры і народныя рамеснікі.

У той жа момант LSTR і Honar больш звязаныя з апошнім трэндам зацікаўленасці беларушчынай у гарадской моладзевай культуры. Гэты трэнд пачаўся дзесьці з 2018 года і ўжо потым атрымаў развіццё ў 2020 годзе.

Думаю, што гэтыя ініцыятывы ў значнай ступені існавалі ў Беларусі незаўважна пасля 2020 году, паколькі таксама ішлі на нейкія кампрамісы, пазбягання залішняй палітызацыі і падобнага.

Але так ці інакш яны ўсё роўна мелі статус «падазроных». Бо нават калі зараз ні ў каго і няма такіх адкрытых палітычных сувязяў, яны ўсё роўна ўспрымаюцца як патэнцыйна небяспечныя. То бок і за гэтымі крамамі нібыта заставаўся такі шлейф сувязі з мінулым.

І на гэтым фоне можна казаць, што працягваецца зачыстка ўсяго, што было раней, было так ці інакш уключана ў нацыянал-дэмакратычную актыўнасць.

Для мяне гэта менавіта так і выглядае — як завяршэнне чысткі гэтай прасторы. Шмат хто быў зачышчаны адразу ў 2020-21 гадах, той жа SYMBAL.BY.

А тыя, хто выжыў, нават пры істотных кампрамісах, засталіся ў катэгорыі патэнцыйна палітычна заплямленых. Адпаведна, проста надышоў час, калі пытанне з імі было канчаткова вырашана.

З іншага боку, я не падзяляю таго татальнага скепсісу, нібыта гэта азначае поўнае знішчэнне беларушчыны.

Я, напрыклад, бачу, як з’яўляецца нейкая новая хваля цікаўнасці да беларускай культуры. Фактычна гэта і працяг таго трэнду 2018 года, які назіраецца ў моладзевым асяродку.

Гаворка пра абсалютна сучасных маладых людзей, якія выраслі ўжо ў эпоху сацыяльных сетак і зараз штучнага інтэлекту. Але пытанні ідэнтычнасці застаюцца ў любую эпоху, і іх трэба вырашаць.

— У сацсетках сапраўды з’явілася шмат маладых людзей з Беларусі, якія вядуць блогі на беларускай мове, прычым не абавязкова пра нешта нацыянальнае, гісторыю ці культуру, можа быць проста пра жыццё. Але іх заўважна стала больш апошнім часам.

— Так, гэта цалкам слушныя назіранні. Таксама мы можам казаць пра феномен новай беларускай паэзіі, якая зараз пішацца моладдзю, новай рок-музыкі, якая ствараецца на беларускай мове, нейкіх канцэртаў.

І ім мала што можна прад’явіць, бо гэта не мае нейкага звязанага з палітычным пратэстам шлейфу. І гэты феномен існуе, развіваецца і мае сваю нішу. І я б сказаў, што нават выходзіць па-за гэтую нішу і набывае ўсё большую папулярнасць.

— Але вялікія імпрэзы накшталт фестывалю «Наш Грунвальд» забараняюць.

— Калі казаць пра забарону фестывалю, трэба разумець, што тут гаворка можа весціся пра рэгламентаванне сферы фестываляў. І датычыцца гэта не толькі ўмоўна нацыянальна арыентаваных мерапрыемстваў, але і тых, якія мелі больш камерцыйны характар.

Гэта, з аднаго боку, азначае, што дзяржава імкнецца максімальна рэгуляваць тое, што мае масавы характар, то бок усе масавыя імпрэзы павінны жорстка рэгламентавацца, каб там мыш не праскочыла.

З іншага боку, гэта таксама зачыстка поля. Вызваляецца прастора для новых ініцыятыў. Цалкам магчыма, што гэтую нішу зоймуць людзі, набліжаныя да міністэрства культуры, напрыклад, якое будзе выдаваць адпаведныя дазволы.

— Працягваецца жорсткі пераслед беларускага касцёлу.

— Але ўсё ж касцёл можа пераходзіць, і ён гэта робіць, дарэчы, на новыя медыўмы, каб развіваць сваю актыўнасць сярод моладзі.

Пілігрымкі, канцэрты, сацыяльная праца працягваюцца. Зразумела, што ёсць абмежаванні і ёсць зноў жа такі кантракт паміж касцёлам і дзяржавай і зараз ёсць шмат недаверу з абодвух бакоў.

Але касцёл працягвае актыўна дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі і гэта таксама пазітыўная з’ява.

— Аднак у рэжыму больш сродкаў і магчымасцяў. Скептыкі, да якіх вы сябе не адносіце, асцерагаюцца, што ён знішчыць наогул усё дашчэнту, што мае хоць нейкае дачыненне да нашай нацыянальнай свядомасці.

— Але трэба ставіць пытанне: калі знішчаць усё, да чаго гэта прывядзе? І гэта ўжо глабальнае пытанне, якое тычыцца будучыні краіны.

Бо ёсць Рэспубліка Беларусь як незалежная дзяржава. І нават палітычныя эліты, якія абвінавачваюць у тым, што яны прадаліся Расіі, максімальна зацікаўленыя ў тым, каб гэтая дзяржава працягвала існаваць як незалежная, паколькі гэта дае ім уладу, рэсурсы і г.д.

Калі Беларусь будзе губерняй РФ, ясна, што ўсе гэтыя мясцовыя эліты страцяць сваю ўладу.

А калі ёсць Рэспубліка Беларусь, павінен быць і нейкі праект ідэнтычнасці, які вызначае, хто такія беларусы, якая ў іх гісторыя, якое месца ў гэтым займае беларускай мова і таму падобнае.

І ў гэтым кантэксце немагчыма забараніць беларускую мову, проста немагчыма. Можна забараніць ініцыятывы на беларускай мове, якія маюць шлейф, звязаны з замежжам, з пратэстам ці інш.

І гэта адбываецца. Таксама паступова адбываецца працэс русіфікацыі насельніцтва, але ён быў і раней.

І ўсё ж, я думаю, што беларуская мова не вымірае. Як мінімум, паглядзіце на пласт беларускай літаратуры, якая выдаецца і ў краіне, і па-за яе межамі, гэта вялікі пласт.

Раней беларуская мова наогул была такой нішавай. У 80-я гады на мове размаўляла выключна вялікая частка інтэлігенцыі. У 90-я яна была больш звязана з палітычнай актыўнасцю, на ёй гаварылі нацыянальныя актывісты.

Але з 2018 года, як адзначыў, мы маем цікавы феномен —беларуская мова стала неяк ажываць і пашырацца ў тых сацыяльных групах, якія раней яе не ўжывалі.

Умоўна кажучы, яна стала набываць такі статус прэстыжнасці сярод моладзевай культуры. З’яўляліся беларускамоўныя кавярні, тыя ж імпрэзы, крамы. Беларуская мова выглядае як нейкая крутая фішка для моладзевай культуры.

— Але зараз працягваецца зачыстка ўсяго гэтага.

— Зараз мы яшчэ адчуваем пастфактум рэпрэсій пасля 2020 года. Яны незавершаныя. І сілавыя структуры зацікаўлены максімальна працягваць гэта працэс, бо ён надае ім мэту існавання, паколькі яны пастаянна змагаюцца з ворагамі.

За гэта яны могуць прэтэндаваць на лепшае размеркаванне рэсурсаў для сябе, таму рэпрэсіі пераўтвараюцца ў саму мэту. Бо нейкі палітычны пратэст у Беларусі бліжэйшым часам немагчымы.

Аднак ёсць аб’ектыўныя тэндэнцыі. З нашай пазіцыі мы думаем, што нейкія нацыянальныя актывісты павінны там змагацца за беларускую мову і дэмакратыю.

Але гэты модус быў прывычны для 90-х гадоў. Зараз беларуская мова і культура могуць быць і апалітычнымі. Людзі, якія іх прасоўваюць і папулярызуюць, могуць не адстойваць тую жорсткую пазіцыю нацыянал-дэмакратычнага лагеру, які ваюе з Лукашэнкам.

Гэта папросту іншая палітычная схема, дзе беларускай мове адводзіцца іншая роля.

То бок Беларусь не знікне бліжэйшым часам, усё роўна будзе працягвацца нейкі пошук мадэлі ідэнтычнасці і гістарычнай памяці. Але тое, што гэта будзе Беларусь без нас, цалкам магчыма.