Пстрычка

Алеся Матусевіч

«Як не згадаць Оруэла з фермай, дзе ўсе жывёлы роўныя, але некаторыя раўнейшыя»

«Салідарнасць» — аб тым, пра што гавораць лічбы цэнтралізаванага экзамену ў Беларусі.

Усё з беларускай мовай у РБ нармальна, кажуць чыноўнікі. Ніхто беларускую мову не дыскрымінуе, сцвярджаюць яны. Не трэба нічога навязваць, зазначаюць людзі ў міністэрскіх крэслах: грамадзяне нашай краіны, маўляў, самі разбяруцца.

Любіце беларускае? Вунь, айчынных вытворцаў лепш грошыкам падтрымайце, купляйце сваё. А мы паціху, патроху, як-небудзь працягнем сачыць за фармальнай прысутнасцю ў публічнай прасторы абедзвюх дзяржаўных моў.

Рэальнасць тым часам жорстка паказвае, да чаго ўжо прывяла палітыка русіфікацыі і дзяржаўная абыякавасць за 35 год пасля прыняцця дэкларацыі аб суверэнітэце і абвяшчэння незалежнасці.

Сёлетні «хапун» і пераслед беларускіх кніжнікаў, прызначэнне расейцаў у кіраўніцтва культурніцкіх устаноў Беларусі, фактычнае знішчэнне муралу ў Оршы, што быў створаны да 90-годдзя Уладізміра Караткевіча — усё гэта яскрава ілюструе прыярытэты дзеючага рэжыму.

І ўсё гэта не магло не адбіцца на беларускім грамадстве.

Вось некалькі лічбаў з сёлетняга цэнтралізаванага іспыту (ЦЭ). Мінадукацыі РБ паведаміла днямі статыстыку здачы іспытаў па рускай і беларускай мове.

  • Рускую мову сёлета здавалі 48456 удзельнікаў (летась — 45990), у выніку сярод іх 1301 100-бальнік (летась — 715 чалавек).
  • Беларускую мову абралі ўчацвёра меней, 10417 чалавек (летась — 10770), на 100 балаў здалі 125 удзельнікаў (летась — 264).

Часткова гэта можа сведчыць аб тым, што ўчорашнія школьнікі не плануюць вучыцца надалей у Беларусі. А часткова — што беларуская многім патрэбная «для птушачкі», таму асаблівых намаганняў да вучобы не прыкладаюць.

Гартаем яшчэ крыху назад. 2024 год: рускую мову здавалі 44 тысячы чалавек, беларускую — 11,5 тысяч, 100-бальнікаў было 292 і 177 адпаведна.

ЦЭ як форма абавязковай выніковай атэстацыі выпускнікоў школ існуе ў Беларусі толькі з 2023 года. Але нават за гэтыя некалькі год лічбы сведчаць, што сітуацыя пагаршаецца: рускую мову для іспытаў выбіраюць часцей, і вучаць/здаюць яе лепш, чым беларускую.

Але ж чыноўнікі, не сумняемся, працягнуць запэўніваць у роўнасці абедзвюх дзяржаўных моў у Беларусі. Як тут не згадаць Оруэла з фермай, на якой усе жывёлы роўныя, але некаторыя раўнейшыя.

Ілюстрацыя з кнігі «Скотны двор»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)