Ёсць такое паняцце — «вынас 5-10 кілаграм». Палітзняволеным даюць заўжды адзін дзень і заўжды без вынасу.
Кацярына Андрэева: «Чырвоную сукенку я магла апрануць толькі ў гэты дзень, толькі там, на закрытай тэрыторыі, дзе адбываюцца доўгія спатканні»
Былая палітзняволеная Кацярына Андрэева — пра адзін з самых радасных і кранальных момантаў у калоніі, працэс вызвалення і стаўленне да санкцый.
Журналістка дала вялікае інтэрв'ю Белсату. Прыводзім некаторыя моманты.
«Вельмі цяжка расставацца, заўжды глядзіш назад, аглядаешся, хочаш пабачыць яшчэ хаця б хвілінку»
Кацярына Андрэева кранальна расказала пра адно са спатканняў у калоніі з мужам Ігарам Ільяшом.
Сам ён пасля казаў: «Мы падчас доўгага спаткання хутка асвоіліся. Я прыгатаваў вячэру, сваю фірмовую страву — тарціллю з гароднінай і курыцай. У нейкі момант стварылася такая ідылічная абстаноўка, што падумалася: няхай бы нас нават у гэтым малюсенькім пакойчыку перанеслі куды-небудзь падалей ад людзей, ад гэтай цемры вакол. І больш нічога не будзе трэба, толькі быць удваіх»
— Сапраўды наш сусвет заўжды быў і застаецца непарушным, як сказаў Ігар. Не так важна дзе, важна быць разам. Доўгае спатканне ў калоніі адбываецца ў спецыяльным будынку, — расказала Кацярына. — Цябе таксама ў шэрагу заводзяць на спатканне, якое можа працягвацца да трох дзён, але два і тры дні палітзняволеныя ніколі не атрымліваюць.

Добра, калі мы патрапім раз або пару разоў на год на спатканне на адзін дзень. Гэта проста шчасце неймавернае. Толькі на адзін дзень і толькі без вынасу страваў з сабой.
Кантралёр цябе заводзіць у такі дворык, там сустракаюць твае родныя. Гэта нечым падобна на пакоі, як у гасцініцы, такія невялікія, дзе ёсць два ложкі, люстэрка, стол, некалькі стулляў, здаецца, усё.
Ёсць кухня агульная, дзе можна гатаваць ежу. І асобна ёсць душ. Было бедненька, сціпленька, але, галоўнае, што Ігар да мяне даехаў.
Ён прывёз мне чырвоную сукенку з дэкальтэ. Я вельмі люблю Бродскага, ён прывёз зборнік з нашай асабістай калекцыі. І яшчэ я папрасіла фотаздымкі, у нас ёсць традыцыя глядзець дзіцячыя фотаздымкі.
А таксама я папрасіла яго гэтую ежу, пра якую ён расказаў. І, па-мойму, ён клубніцы яшчэ прывёз свежыя.
Было вельмі-вельмі добра.
Касметыкі шмат прывёз, я зрабіла такое «а-ля жанчына», бо, канешне, ты ў калоніі сябе не адчуваеш ні маладой, ні прыгожай, ні жанчынай, а проста такой біямасай у форме.
Чырвоную сукенку я магла апрануць толькі ў гэты дзень, толькі там, на гэтай закрытай тэрыторыі, дзе адбываюцца доўгія спатканні. Потым ты пераапранаешся ў форму, каб яшчэ а чацвёртай дня выйсці на праверку ў дворыку.
Гэтыя дні спатканняў — самыя шчаслівыя. Калі мяне хацелі пакараць і націснуць эмацыйна, я прасіла: пасадзіце мяне, калі ласка, у ШЫЗА, карцар, дайце я пасяджу лепш там, чым буду пазбаўленая магчымасці спаткання, бо наступнае толькі праз чатыры месяцы, і, калі пазбавяць, будзе зноў фактычна год без сустрэч.
Але яны казалі: не, мы пачулі вашу просьбу, але сваё рашэнне прынялі. Яны заўжды так рабілі (пазбаўлялі спатканняў), менавіта каб мне было больш балюча, таму што ведалі, што для мяне значыць спатканне і якія ў мяне стасункі з маёй сям'ёй.
Кацярына кажа, што расставацца пасля спаткання было асабліва цяжка.
— Проста прыходзіць супрацоўнік нават менш, чым праз суткі: калі цябе заводзяць а 11-12 дня, то на наступны дзень цябе забіраюць а паловы дзявятай. Гэта нават не суткі.
Прыходзяць, проста забіраюць, кажуць: «Усё, развітваемся». Вельмі цяжка расставацца, заўжды глядзіш назад, аглядаешся, хочаш пабачыць яшчэ хаця б хвілінку, хаця б секунду.
І кожны раз думаеш: «Дай Божа, каб гэтае спатканне было апошнім у турме, каб наступнае было на волі». І мы з Ігарам кожнае спатканне казалі: «Усё, дамовіліся, пра наступнае тут спатканне нават не думаем, наступнае наша спатканне будзе на волі».
І вось усе гэтыя чатыры гады, пакуль Ігара не пасадзілі, мы казалі, што гэта спатканне ў турме апошняе, наступнае будзе на волі. І апынулася дакладна так: кароткае спатканне, якое мы мелі ў ліпені 24-га і было турэмным апошнім, а далей толькі на волі. Я буду сустракаць яго тут.
Незадоўга да вызвалення Андрэевай пагражалі трэцяй крымінальнай справай
У пачатку лютага 2026 года падчас звычайнай працоўнай змены ў калоніі Кацярыну раптоўна выклікалі ў штаб, піша Белсат.
Там чалавек, які назваўся прадстаўніком Генпракуратуры, задаваў пытанні пра падзеі 2020 года, стаўленне да магчымага вызвалення і планы на будучыню. Андрэева ўспрыняла гэта як чарговую фармальную размову і не надала асаблівай увагі.
«А ўжо 12 лютага я сядзела на абедзе ў сталовай у калоніі і пабачыла, што намеснік начальніка калоніі стаіць вельмі блізка ад мяне, размаўляе з кімсьці па тэлефоне і глядзіць на мяне пры гэтым. У мяне такая трывожнасць адразу ўнутры: што б гэта значыла? Ну нічога добрага зазвычай не адчуваеш і не чакаеш, калі ён знаходзіцца побач.
Я вяртаюся пасля абеду ў атрад, і мне кажуць: «Менш за 10 хвілін на тое, каб сабраць рэчы». Канешне, я збіраю рэчы і чую проста, як у мяне пульсуе кроў у вушах ад напружання», – расказвае Кацярына.
Пасля некалькіх гадзін чакання ў каранцінным памяшканні Кацярыну вывелі да транспарту, надзелі кайданкі, нацягнулі шапку на твар і павезлі ў невядомым накірунку. Пазней высветлілася, што яе даставілі ў так званую «Амерыканку» – СІЗА КДБ у Менску.
Першае, пра што яна падумала, была новая крымінальная справа. На допытах Кацярыне намякалі на магчымы «трэці тэрмін», аднак ніякіх дакументаў не паказвалі і не тлумачылі, у якім статусе яна там знаходзіцца. Толькі пазней ёй паведамілі, што яна нібыта сведка па нейкай крымінальнай справе, але без канкрэтных матэрыялаў і дэталяў.
«Яны запытвалі: «А што вы будзеце рабіць пасля вызвалення?». Я кажу: «Слухайце, а якое вызваленне?». То мне кажуць, што мне пагражае трэці тэрмін, то мне кажуць, што я сведка ў нейкай невядомай містычнай справе. Ну якое вызваленне? У мяне канец тэрміну ў 2028-м годзе», – кажа яна.

Напярэдадні 8 сакавіка Кацярыну Андрэеву выклікалі і паведамілі, што ў ізалятары нібыта няма месцаў, таму яе будуць перавозіць у закрытае аддзяленне шпіталя ў Навінках. Аднак замест гэтага журналістку проста змясцілі ў адзіночную камеру. Яна прызнаецца, што гэта выглядала поўным абсурдам і яшчэ больш узмацняла псіхалагічнае напружанне.
«Вось у такія хвіліны я думаю, што нават калі ты быў цалкам устойлівы і здаровы, у цябе псіхіка пачынае моцна дэстабілізавацца. Адразу думкі пра нейкія там прымусовыя гвалтоўныя рэчы, якія будуць з табой рабіць, але ніякая экспертыза там не праводзілася ніколі.
І з таго моманту (з 7 сакавіка 2026 года) я нібыта для іх знікла. Цяпер, думаючы пра гэта постфактум, я ўсведамляю, што хутчэй за ўсё проста цягнулі час», – расказвае яна.
Андрэева: Калеснікаву купілі за «Беларуськалій», мяне за зняццё санкцый з банкаў. Калі б санкцый не было, за што б нас куплялі?
Кацярына Андрэева адзначыла, што дыялог з афіцыйным Мінскам — гэта не новая з’ява, прынамсі для Злучаных Штатаў, піша Наша Ніва.
«Дыялог ёсць у амерыканцаў у любым разе, бо калі яны прылятаюць у Мінск, яны сядаюць за стол перамоў. І насупраць іх сядзіць старшыня КДБ. І Лукашэнка сядзіць з імі ўсімі за адным сталом», — падкрэсліла яна.
Каментуючы пазіцыю Марыі Калеснікавай, якая заклікае Еўропу пайсці на падобны крок, Андрэева задаецца пытаннем пра мэту і сродкі такога ўзаемадзеяння.
Журналістка перакананая: адзінае, што прымушае ўлады ісці на саступкі і вызваляць палітвязняў — гэта эканамічныя страты ад санкцый. Яна адкрыта называе працэс вызвалення «купляй».
«Нам трэба ўсім разумець, вельмі добра і ясна ўсведамляць, што калі б не было санкцый, не было б чым таргавацца. Ну вось, Машу купілі за «Беларуськалій». Вось мяне купілі за калій, зняцце санкцый з банкаў, і нейкія яшчэ, магчыма, дамоўленасці, якія проста не выносілі амерыканцы ў публічны трэк», — заўважае Андрэева і даводзіць, што спадзявацца на маральныя якасці прадстаўнікоў рэжыму пасля гадоў жорсткасці бессэнсоўна:
«Калі б гэтага не было, а за што б нас куплялі? Разлічваць на жэст добрай волі? На гуманізм? Чалавечнасць? На што можна разлічваць пасля пяці гадоў проста татальных, татальных рэпрэсій?»
У такіх умовах, на думку Андрэевай, той прагматычны падыход, што дэманструе Дональд Трамп, — адзіная магчымасць «падабрацца да Лукашэнкі, пасадзіць яго за стол» і прапанаваць здзелку, улічваючы, што эканоміка Беларусі моцна пацярпела ад санкцый.
«Я бачу, што яны сапраўды пацярпелі ад санкцый, якія былі ўведзеныя праз іхнія ж учынкі: праз затрыманне людзей, праз тое, што Беларусь стала плацдармам для ўвядзення расійскіх войскаў у 22‑м годзе, праз саўдзел у гэтай агрэсіі.
Немагчыма было б за штосьці іншае таргавацца. Якія яна [Амерыка] опцыі можа прапанаваць? Проста сесці за стол? Без папярэдніх умоў?» — лічыць былая палітзняволеная.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное