У Польшчы затрымалі беларуса, якога падазраюць у перапраўцы празь мяжу 160 мэтэазондаў з цыгарэтамі
Пачасьціліся прылёты зь Беларусі ў Польшчу паветраных балёнаў з кантрабандай, піша Радыё Свабода. Раней такія прылёты выклікалі крызіс у адносінах Беларусі і Літвы.
Памежная служба Польшчы расьсьледуе справу групы, якая за 11 месяцаў пераправіла праз беларуска-польскую мяжу 160 мэтэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Аднаго грамадзяніна Беларусі затрымалі, паведамляе Рэгіянальная пракуратура ў Любліне.
Пракуратура піша, што група дзейнічала з траўня 2025 па красавік 2026 года на тэрыторыі Падляскага, Люблінскага і Мазавецкага ваяводзтваў Польшчы. Яе ўдзельнікі перапраўлялі цыгарэты з Беларусі ў Польшчу пры дапамозе мэтэазондаў. Калі балёны прызямляліся ў Польшчы, цыгарэты перадавалі іншым чальцам групы для рэалізацыі.
34-гадоваму беларусу Міхаілу С. прад’явілі чатыры абвінавачаньні: у кіраўніцтве злачыннай групай, кантрабандзе, парушэньні санкцыйнага рэжыму, а таксама парушэньні авіяцыйнага заканадаўства.
Міхаіла вінавацяць у тым, што ён арганізаваў дастаўку на тэрыторыю Польшчы пры дапамозе 160 мэтэазондаў не менш як 240 тысяч пачкаў цыгарэт розных марак. У выніку гэтага бюджэт Польшчы недаатрымаў акцызы на агульную суму не менш за 6 млн злотых (каля паўтара мільёна даляраў).
Пракуратура піша, што падчас допыту беларус часткова прызнаў віну ў кантрабандзе. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
У лютым восем чалавек, якіх падазраюць у кантрабандзе цыгарэт зь Беларусі паветранымі балёнамі, затрымалі супрацоўнікі Падляскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы.
9 лютага на прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве віцэ-прэмʼер, міністар абароны Польшчы Ўладыслаў Касіняк-Камыш назваў запуск мэтэазондаў зь Беларусі «гібрыднай вайной». Ён таксама паведаміў, што сярэдні кошт кантрабанды, перанесенай адным балёнам, складае каля 30 тыс. злотых (каля 8,5 тыс. даляраў).
Польска-беларуская мяжа цяпер пільна ахоўваецца, таму кантрабандысты пачалі выкарыстоўваць паветраныя балёны, каб яе пераадолець. Згодна з Падляскай памежнай аховай, у 2025 годзе была выяўлена кантрабанда цыгарэт на суму больш за 3,4 мільёна злотых (каля 950 тыс. даляраў), 29 чалавек арыштаваныя.
У Літве 3 лютага затрымалі 5 чалавек, якіх падазраюць у кіраваньні групоўкамі злачыннага аб’яднаньня, якое займаецца кантрабандай цыгарэтаў зь Беларусі.
У Вільні і Салечніцкім раёне правялі больш за 20 ператрусаў, паведаміла пракуратура Літвы. Выявілі сродкі сувязі, GPS-перадавальнікі, паліцэйскія пробліскавыя маячкі ды іншыя прылады.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное